Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Алейнік абмеркаваў з прадстаўніком Паўночнай Карэі «паглыбленьне супрацы». З кім яшчэ ён сустрэўся на форуме недалучэньня?


Кім Чэн Ын, кіраўнік Паўночнай Карэі
Кім Чэн Ын, кіраўнік Паўночнай Карэі

«Паглыбленьне двухбаковага супрацоўніцтва» абмеркаваў 18 студзеня на палях саміту Руху недалучэньня ў Кампале (Уганда) міністар замежных справаў Сяргей Алейнік з намесьнікам кіраўніка МЗС КНДР Кім Сон Джунам.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на прэсавую службу беларускага замежнпалітычнага ведамства.

Паведамляецца, што Алейнік узяў удзел у пятай міністэрскай сустрэчы Групы сяброў у абарону Статуту ААН. Галоўным пытаньнем у яе парадку дня стала «сытуацыя ў Палестыне». Міністар «падкрэсьліў прынцыповую пазыцыю Беларусі аб неабходнасьці больш хуткага спыненьня агню, стварэньня базавых умоваў для аказаньня гуманітарнай дапамогі і пабудовы ўстойлівага міру на Блізкім Усходзе».

На сустрэчы з альжырскім міністрам замежных справаў і нацыянальнай дыяспары Ахмэдам Атафам беларускі чыноўнік абмеркаваў «супрацу ў сфэры сельскай гаспадаркі, пастаўкі беларускай тэхнікі, каапэрацыйныя праекты і разьвіцьцё дамоўна-прававой базы».

З калегам зь Філіпінаў Энрыке Маналё Алейнік абмеркаваў «пытаньні нарошчваньня» двухбаковай гандлёва-эканамічнай супрацы, дамовіўся правесьці сёлета кансультацыі паміж МЗС. Бакі пагадзіліся актывізаваць «міжпарлямэнцкія кантакты пасьля выбараў у Беларусі».

На перамовах з кіраўніком МЗС Уганды генэралам Джэджэ Адонга беларускі міністар абмеркаваў «шырокі спэктар пытаньняў», у тым ліку «пэрспэктывы паставак беларускай тэхнікі і тэхналёгіяў, заключэньня шэрагу дамоваў», а таксама «ўмацаваньне супрацы на пляцоўках міжнародных арганізацый».

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 9 верасьня 2023 года кіраўніка Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына зь Днём утварэньня КНДР, заявіў, што «кантакты Менску і Пхэньяну ў розных галінах працягнуць умацоўвацца, робячы важкі ўнёсак у пабудову больш справядлівага і бесканфліктнага сьвету, набліжаючы пераход міжнароднай сыстэмы да шматпалярнага парадку».

На перамовах з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным 15 верасьня ў Сочы Лукашэнка выказаў меркаваньне, што РФ, Беларусь і КНДР маглі б «падумаць пра супрацу на траіх».

За апошнія некалькі гадоў дэмакратычныя краіны ўвялі ў дачыненьні да Беларусі мноства абмежавальных мер. У гэтых абставінах рэжым Лукашэнкі пачаў спрабаваць наладжваць палітычныя і эканамічныя сувязі з дзяржавамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі, якія ў Менску называюць «далёкай дугой».

Доктар эканамічных навук Леў Львоўскі заяўляў «Позірку», што спробы ўладаў знайсьці гандлёвых партнэраў у краінах «далёкай дугі» зьяўляюцца «марнымі» і носяць фактычна «фармальны характар».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG