Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы затрымалі былога намесьніка міністра замежных спраў


Польскі памежны пераход на мяжы зь Беларусьсю, ілюстрацыйнае фота
Польскі памежны пераход на мяжы зь Беларусьсю, ілюстрацыйнае фота

У Польшчы затрыманы былы намесьнік міністра замежных спраў Пётр Ваўжык. Яго абвінавачваюць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў у карысьлівых мэтах.

Справа зьвязаная з парушэньнямі пры падачы заяваў на атрыманьне польскіх візаў грамадзянамі шэрагу краін, найперш азіяцкіх. Былога чыноўніка падазраюць у тым, што ён атрымліваў грошы, каб паскараць працэдуру выдачы візаў польскімі дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі.

Ваўжык, прадстаўнік ранейшай кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць», з 2019 году адказваў у МЗС Польшчы за консульскія пытаньні. У жніўні 2023 году яго раптоўна зьнялі з пасады. 17 студзеня ён быў затрыманы ў Любліне супрацоўнікамі Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро. Пасьля прад’яўленьня абвінавачаньняў яго вызвалілі пад заклад.

Абвінавачаньні тычацца соцень выпадкаў выдачы польскіх візаў на працягу 18 месяцаў. Справа тычыцца дзейнасьці польскіх дыпляматычных прадстаўніцтваў у Ганконгу, Тайвані, Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, Індыі, Саудаўскай Арабіі, Сынгапуры, Філіпінах і Катары, паведамляе Польскае радыё.

Сьцьвярджаецца, што за атрыманьне візаў грамадзянамі такіх краін, як Пакістан і Банглядэш, трэба было заплаціць каля 5 тысяч даляраў. Пра візавы скандал стала вядома ў верасьні мінулага году, калі партыя «Права і справядлівасьць» яшчэ была ва ўладзе.

Скандал прыцягнуў асаблівую ўвагу грамадзтва, бо спрошчаная выдача візаў групам грамадзянаў замежных краінаў за грошы ішла насуперак афіцыйнай рыторыцы кіроўнай партыі аб узмацненьні жорсткасьці міграцыйнай палітыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG