Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў: Існаваньне Ўкраіны — падстава для вайны


Дзьмітры Мядзьведзеў і Ўладзімір Пуцін
Дзьмітры Мядзьведзеў і Ўладзімір Пуцін

Намесьнік дзяржсакратара Рады бясьпекі РФ Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што само існаваньне Ўкраіны зьяўляецца пастаяннай падставай для ваенных дзеяньняў Расеі.

«Існаваньне Ўкраіны сьмяротна небясьпечнае для ўкраінцаў. І я маю на ўвазе ня толькі цяперашні стан, бандэраўскі палітычны рэжым. Я кажу пра любую, абсалютна любую Ўкраіну. Наяўнасьць незалежнай дзяржавы на гістарычных расейскіх тэрыторыях цяпер будзе сталай падставай для аднаўленьня ваенных дзеяньняў», — напісаў ён у Тэлеграме.

Мядзьведзеў заявіў, што якім бы ні было кіраўніцтва Ўкраіны, магчымасьць новага канфлікту будзе захоўвацца бясконца — «практычна заўсёды».

«Больш за тое, ёсьць стоадсоткавая імавернасьць новага канфлікту, якія б дакумэнты аб бясьпецы Захад ні падпісваў з марыянэткавым кіеўскім рэжымам. Гэтаму не перашкодзяць ні асацыяцыя Украіны з ЭЗ, ні нават уступленьне гэтай штучнай краіны ў NATO. Гэта можа адбыцца празь дзесяць-пяцьдзясят гадоў», — сьцьвярджае ён.

Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, сустракаючыся ўчора з прадстаўнікамі рэгіёнаў Расеі, заявіў: «Украіна праваліла свой контранаступ, і калі палітыка цяперашніх уладаў краіны будзе працягвацца, украінскай дзяржаўнасьці можа быць нанесены непапраўны («невосполнимый») ўдар».

Пры гэтым Пуцін заявіў, што на «ўкраінскую самасьційнасьць» ніхто ніколі не рабіў замаху. На яго думку, «жыхарам Украіны закампаставалі мазгі».

Паводле слоў прэзыдэнта РФ, «формула міру» прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага фактычна забараняе кантакты з Расеяй. Пуцін нагадаў заяву перамоўніка ад Кіева, кіраўніка фракцыі «Слуга народа» Давіда Арахаміі пра тое, што Кіеў адмовіўся ад рэалізацыі пагадненьняў, дасягнутых у Стамбуле, пасьля размовы з брытанскім прэм’ерам Борысам Джонсанам. «Прыдуркі, не? Арахамія сам публічна кажа, што калі б яны пайшлі на гэта, то ўсё даўно б скончылася», — сказаў Пуцін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG