Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЗ павялічыў продажы грузавікоў на рынку РФ, але ўсё адно страчвае там пазыцыі. Чаму?


Грузавікі МАЗ на выставе
Грузавікі МАЗ на выставе

Летась МАЗ павялічыў продажы грузавікоў на расейскім рынку. Разам з тым іх доля на тым самым расейскім рынку скарацілася. Гэта і адлюстроўвае новы трэнд: пад націскам канкурэнтаў Беларусь паступова страчвае пазыцыі на галоўным для сябе рынку.

Паводле зьвестак Аўтастату, МАЗ у мінулым годзе прадаў у Расеі 6,3 тыс. грузавікоў. Што амаль на 44% больш, чым годам раней. Статыстыка выглядае сымпатычна. Але толькі калі не ўдавацца ў дэталі, заўважае газэта «Белорусы и рынок».

Нягледзячы на ўражальныя адсоткі росту, продажы беларускіх грузавікоў у Расеі расьлі значна павольней, чым тамтэйшы рынак. Агулам за мінулы год у Расеі было прададзена 143,7 тыс. новых грузавікоў. І гэта адразу на 70% больш, чым год таму. І на фоне гэтай лічбы 40-адсоткавы рост продажаў МАЗаў ужо не выглядае такім самавітым.

Доля грузавікоў МАЗ на расейскім рынку ў 2023-м зьнізілася да 4,4% з 5,2%. Беларускія грузавікі ў Расеі адціскаюць канкурэнты. Другое месца на расейскім рынку пасьля КАМАЗ, заняў кітайскі Sitrac, які павялічыў продажы сваіх грузавікоў у 6,4 разы. На трэцім месцы таксама кітайская кампанія SHACMAN з ростам продажаў больш як у два разы.

Аднак найбольш уражальны рост паказаў кітайскі Foton, ён павялічыў продажы сваіх машын у 43 разы. Калі ў 2022 годзе гэтая кампанія прадала ў Расеі толькі 145 машын, то ў 2023 годзе яна амаль дагнала МАЗ, прадаўшы 6,27 тыс. аўтамабіляў.

Продажы беларускіх грузавікоў на расейскім рынку рэзка расьлі ў першай палове 2023 году, заўважае газэта. Чым бліжэй да канца году, тым менш МАЗу атрымлівалася прадаць у Расеі.

Ужо ў сьнежні продажы грузавікоў МАЗ у Расеі скараціліся на 5,5%. Пры гэтым рынак грузавікоў за адзін сьнежань вырас у Расеі амаль на 20%.

Важная дэталь — у прычынах, чаму рынак расейскіх грузавікоў паказаў такі бурны рост. Відавочна, гэта адбылося з-за ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне. Бо для вайны патрэбны ня толькі танкі і самалёты. Патрэбны яшчэ грузавікі, каб перавозіць вайсковыя грузы. Адпаведна, большая частка прыросту прыйшлася, верагодна, на дзяржаўны абаронны заказ.

«Кітайцы адціскаюць прастору ў беларускіх вытворцаў нават там, дзе палітычныя меркаваньні, асабістыя сувязі і ўменьне дамовіцца заўсёды пераважалі над рынкавымі меркаваньнямі», — робіць выснову выданьне.

Новы віток на гэтым рынку могуць справакаваць ваенныя дзеяньні ў Емэне, з-за якіх кошт перавозак у Чырвоным моры ўжо шматкроць вырас. Калі вайна там зацягнецца, гэта моцна таксама моцна падарве пэрспэктывы беларускага экспарту ў краіны «далёкай дугі», піша газэта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Падсумаваньне тыдня на Свабодзе – у адным суботнім лісьце! Усе эксклюзіўныя і важныя публікацыі за тыдзень – у нашай эмэйл-рассылцы: так вы ніколі не прапусьціце самае цікавае!

Дык падпісвайцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG