Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША пазытыўна ацанілі вынікі ракетнай атакі па аб’ектах хусітаў і нанесьлі яшчэ адзін удар


Падчас атакі на цэлі хусітаў у Емэне
Падчас атакі на цэлі хусітаў у Емэне

Прадстаўнік кіраўніцтва Пэнтагона заявіў, што ўдары аслабілі патэнцыял групоўкі.

ЗША нанесьлі яшчэ адзін удар па абʼекце хусітаў у Емене. Цэльлю быў радарны комплекс. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на двух чыноўнікаў, а таксама амэрыканскія СМІ.

Удар быў нанесены на наступны дзень пасьля скаардынаванай атакі па пазыцыях хусітаў з боку ЗША і Вялікабрытаніі пры падтрымцы шэрагу іншых краін. Па дадзеных Пэнтагона, вайскоўцы паразілі 60 цэляў на 28 абʼектах. Сярод іх радары, сыстэмы СПА, склады, месцы запуску бесьпілётнікаў і ракет. Хусіты паведамілі, што ў выніку абстрэлу загінулі пяць вайскоўцаў, яшчэ шэсьць былі параненыя.

Пэнтагон выказаў асьцярожны аптымізм, выказаўшы здагадку, што хусіты, якія падтрымліваюцца Іранам, ня змогуць паўтарыць комплексныя атакі, якія яны нядаўна зьдзяйсьнялі ў Чырвоным моры. Высокапастаўлены прадстаўнік Пэнтагона паведаміў, што начныя ўдары ЗША і Вялікабрытаніі былі нанесены па каля 30 абʼектах у Емэне, піша «Голас Амэрыкі».

Амэрыканскія і брытанскія ваенныя самалёты, караблі і падводныя лодкі нанесьлі ўдары па некалькіх раёнах Емэна ў адплату за атакі хусітаў на судны ў Чырвоным моры, якія, па заявах баевікоў, былі адказам на вайну ў Газе.

Начальнік апэратыўнага ўпраўленьня Абʼяднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША генэрал-лейтэнант Дуглас Сімс заявіў журналістам, што ўдары з выкарыстаньнем больш як 150 боепрыпасаў былі нанесены па 28 абʼектах.

«Я ведаю, што мы аслабілі іх патэнцыял, — сказаў Сімс. — Ня думаю, што яны змогуць дзейнічаць гэтак жа, як у той дзень. Але паглядзім», — дадаў ён.

Сімс меў на ўвазе атаку, зьдзейсьненую ў аўторак падтрымліваемай Іранам групоўкай, падчас якой амэрыканскія і брытанскія ваенна-марскія сілы зьбілі 21 ракету і бесьпілётнік, выпушчаныя з Емэна. На сёньняшні дзень гэта была самая буйная атака групоўкі ў рэгіёне.

Прэзыдэнт Джо Байдэн у пятніцу назваў хусітаў «тэрарыстычнай» групоўкай. Байдэн заявіў, што Вашынгтон адкажа хусітам, калі яны прадоўжаць паводзіны, якія ён назваў абуральным.

Хусіты, якія амаль дзесяць гадоў кантралююць большую частку Емэна, заявілі, што ў выніку 73 паветраных удараў былі забітыя пяць іх байцоў. Яны паабяцалі нанесьці ўдар у адказ і працягнуць атакі на марскія перавозкі, якія, паводле іх слоў, накіраваны на падтрымку палестынцаў супраць Ізраіля.

Па словах Сімса, Вашынгтон чакае, што хусіты паспрабуюць нанесьці зваротны ўдар. Ён сказаў, што раней у той жа дзень групоўка выпусьціла ў бок Чырвонага мора супрацькарабельную балістычную ракету, ад якой ніводнае судна не пацярпела.

Інфармацыйны цэнтар марскіх гандлёвых апэрацый Вялікабрытаніі заявіў, што атрымаў паведамленьні аб ракеце, якая ўпала ў мора прыкладна за 500 мэтраў ад судна. Інцыдэнт адбыўся прыкладна за 170 кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад емэнскага порта Адэн.

Хоць ацэнка ўрону ад удараў яшчэ не завершана, Сімс заявіў, што не чакае вялікай колькасьці ахвяр, бо цэлі ўключалі сельскія раёны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG