Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Папулярызаваць тырана». Скандал вакол іконы са Сталіным у катэдральным саборы Тбілісі


Ікона Сьвятой Матроны са Сталіным у катэдральным саборы Тбілісі
Ікона Сьвятой Матроны са Сталіным у катэдральным саборы Тбілісі

У Грузіі патрабуюць прыбраць з абраза Матроны Маскоўскай выяву Ёсіфа Сталіна. У знак пратэсту выстаўлены ў Тбілісі абраз нават аблілі фарбай.

РПЦ прылічыла Матрону Маскоўскую да сьвятых 20 гадоў таму. А абраз зь яе выявай у дар катэдральнаму сабору Сьвятой Тройцы ў Тбілісі перадалі прадстаўнікі грузінскага прарасейскага руху «Альянс патрыётаў». На іконе, акрамя сьвятой, намаляваны Сталін. Шмат хто ў Грузіі лічаць, што зьяўленьне такога абраза ў галоўным храме краіны — блюзьнерства, і патрабуюць яго прыбраць, паведамляе тэлекеанал «Настоящее время».

У адказ патрыярхія Грузінскай праваслаўнай царквы заклікала прадстаўнікоў «Альянсу патрыётаў» зьмяніць абраз. Калі гэта ня будзе зроблена, у патрыярхіі абяцалі перамаляваць яго самастойна. Пры гэтым у афіцыйнай заяве Грузінскай праваслаўнай царквы прама ня сказана, ці будзе выдалены з абраза Ёсіф Сталін. Але, мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе менавіта пра яго:

«Зыходзячы з таго, што сустрэча Ё. Сталіна са сьв. Матронай празь недастатковасьць доказаў ня ўключаная ў кананічны тэкст яе жыцьцяпісу, не прызнана Расейскай праваслаўнай царквой, якая кананізавала яе (Матрону) і правяла спэцыяльнае дасьледаваньне ў гэтым пытаньні, неабходна зьмяніць згаданы эпізод і прыняць да ўвагі іншыя падрабязнасьці, зьвязаныя з кананічнасьцю іканаграфіі».

На заклік патрыярхіі ўжо адрэагавалі лідэры прарасейскага руху «Альянс патрыётаў». У руху заяўляюць, што падпарадкуюцца закліку Царквы і фрагмэнт абраза будзе зьменены.

Некалькі дзён таму расейскі левы палітык Сяргей Удальцоў напісаў у сваім тэлеграм-канале, што ікона зьявілася ў тбіліскім храме дзякуючы яго дзядзьку Аляксандру Ўдальцову, выканаўчаму дырэктару «Фонду падтрымкі і абароны правоў суайчыньнікаў, якія пражываюць за мяжой». Ён існуе з 2011 году пры МЗС Расеі.

Скандал праз абраз са Сталіным разгарэўся напярэдадні праваслаўнага Раства, калі прыхаджане ўпершыню ўбачылі гэтую выяву ў катэдральным саборы. Многія палічылі гэта блюзьнерствам і абразай як вернікаў у цэлым, так і тых, чые родныя пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсій.

Аблітая фарбай ікона
Аблітая фарбай ікона

Абраз у знак пратэсту сіняй фарбай абліла грамадзянская актывістка Ната Перадзе:

«Пасьля распаду СССР паўсюдна пачалі зносіць помнікі Сталіну, а яго культ пачаў разбурацца. Цяпер жа яго зноў спрабуюць адрадзіць. Мне абсалютна ўсё роўна, што адбываецца ў царкве, гэта не прадмет майго інтарэсу. Але гэты акт быў працягам барацьбы з культам. Нельга спакойна глядзець на тое, як цяпер некаторыя спрабуюць зноў папулярызаваць гэтага тырана».

Акцыя супраць абраза выклікала абурэньне сярод прадстаўнікоў радыкальнага прарасейскага руху «Альт-інфа». Яго ўдзельнікі вядомыя тым, што пэрыядычна ладзяць нацыяналістычныя і гамафобныя акцыі і пагромы. Дзясяткі актывістаў «Альт-інфа» спрабавалі прарвацца да дома Перадзе, але ім перашкодзіла паліцыя. Радыкалы заклікаюць улады пакараць актывістку за абразу пачуцьцяў вернікаў. Калі віну Наты Пэрадзэ дакажуць, то ёй будзе пагражаць штраф за «дробнае хуліганства».

Пратэсты ў Тбілісі
Пратэсты ў Тбілісі

Пры гэтым прадстаўнікі ўлады чарговы раз заявілі, што пакараньне за падобныя ўчынкі можа быць больш жорсткім. Прадстаўнікі прарасейскіх і кансэрватыўных рухаў ужо некалькі гадоў патрабуюць увесьці крымінальную адказнасьць за абразу пачуцьцяў вернікаў. Улады не выключаюць увядзеньня крымінальнай адказнасьці, але не за абразу пачуцьцяў, а за апаганеньне рэлігійных будынкаў і аб’ектаў, незалежна ад іх канфэсійнай прыналежнасьці. У кіроўнай партыі «Грузінская мара» заяўляюць, што такія меры існуюць у шэрагу краін ЭЗ.

Пратэсты ў Тбілісі
Пратэсты ў Тбілісі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG