Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кубракоў заявіў пасьля нарады ў Лукашэнкі, што да палітвязьняў амністыю прымяняць ня будуць

абноўлена

Міністар унутраных спраў Іван Кубракоў. Архіўнае фота
Міністар унутраных спраў Іван Кубракоў. Архіўнае фота

Амністыю зьбіраюцца прымеркаваць да 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нацыстаў. Але ўжо вядома, што пад яе не падпадуць палітвязьні.

Міністар унутраных спраў Іван Кубракоў пасьля нарады ў Лукашэнкі расказаў аб прапановах МУС аб амністыі. Па словах Кубракова, Лукашэнка ў цэлым падтрымаў прапановы.

Згодна з папярэднімі ацэнкамі, пры рэалізацыі гэтых прапаноў плянуецца вызваліць з месцаў пазбаўленьня волі каля 900 чалавек, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу — 460 і каля 2,5 тысяч чалавек прапануецца зьняць з уліку крымінальна-выканаўчай інспэкцыі

«У кожнага, хто асуджаны за экстрэмізм і тэрарызм, была магчымасьць зьвярнуцца да кіраўніка дзяржавы з просьбай аб памілаванні. Тыя, хто напісаў заяву, яны былі разгледжаныя, недзе задаволеныя. Па астатніх раскаяньня на сёньня мы асабліва не заўважылі. Таму ўнеслі прапанову не прымяняць амністыі да гэтай катэгорыі асуджаных», — сказаў Кубракоў.

У пералік «экстрэмістаў» улады ўключаюць асуджаных у тым ліку за «дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак», за «паклёп», абразу прадстаўнікоў улады, «зьдзек» зь дзяржаўных сымбаляў, «распальваньне варожасьці», «фінансаваньне „экстрэмісцкіх“ фармаваньняў».

Амністыю плянуецца прымяніць да непаўналетніх, цяжарных жанчын, пэнсіянэраў, людзей з інваліднасьцю, анкалягічных хворых, ВІЧ-інфікаваных і іншых асуджаных за злачынствы, якія не нясуць вялікай грамадзкай небясьпекі або якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх.

Паводле Кубракова, асаблівая ўвага на нарадзе была зьвернутая на непаўналетніх дзяцей, жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, шматдзетных маці.

У 2022 годзе беларускія палітвязьні таксама фактычна ня трапілі пад амністыю.

У Беларусі пасьля масавых акцый пратэстаў, якія пачаліся пасьля абвяшчэньня фальсыфікаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, улады пачалі масавыя рэпрэсіі. У турмах знаходзяцца тысячы людзей, у тым ліку жанчын, падлеткаў і цяжкахворых людзей, асуджаных за іх грамадзянскую пазыцыю і з палітычных матываў.

Дакладная колькасьць такіх асуджаных невядомая. На канец сьнежня 2023 году ў Беларусі налічвалася 1477 палітзьняволеных, прызнаных праваабарончай супольнасьцю.

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе даручыў правесьці амністыю зьняволеных «з улікам асаблівасьці даты», да якой яна прымеркаваная.

«Сёлета мы адзначым 80-годзьдзе зь дня вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І калі мы ўхвалім станоўчае рашэньне, то зь улікам даты амністыя павінна мець адрозьненьні. Варта больш уважліва паглядзець на жанчын і дзяцей, на жанчын зь дзецьмі, іншыя катэгорыі асуджаных. Трэба падысьці да пытаньня амністыі нетрадыцыйна», — сказаў ён на нарадзе ў пытаньнях ўдасканаленьня заканадаўства аб крымінальнай адказнасьці.

Як адзначаецца на ягоным сайце, Аляксандар Лукашэнка дадаў, што «дзейнасьць дзяржаўных органаў павінна будавацца на прынцыпе справядлівасьці».

«На маё даручэньне адміністрацыя прааналізавала шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу і іх рэалізацыі. Узьнікаюць пытаньні ў сувязі з гэтым. Трэба паглядзець, каго мы затрымліваем, каго судзім. Ці адпавядаюць прызначаныя меры пакараньня цяжкасьці злачынстваў і той небясьпецы, якую ствараюць гэтыя людзі для грамадзтва?» — дадаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG