Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2023 годзе лекі ў Беларусі даражэлі амаль у 5 разоў хутчэй, чым агулам нехарчовыя тавары


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. У адной зь менскіх аптэк
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. У адной зь менскіх аптэк

Цэны на лекі ў 2023 годзе расьлі ў 4,66 раза хутчэй, чым агулам на нехарчовыя тавары — 13,36% супраць 2,87%, сьведчыць праведзены выданьнем «Позірк» аналіз дадзеных Белстату.

У параўнаньні з агульным ростам спажывецкіх цэнаў (інфляцыя ў Беларусі за 2023 год склала 5,8%) лекі даражэлі хутчэй у 2,29 раза.

Прыкметней за ўсё вырасла цана сродкаў для лекаваньня дыхальнай сыстэмы — на 14,85%, стрававальнага тракту і абмену рэчываў — на 14,42%, крыві і крывятворных органаў — на 14,09%.

У 2022 годзе назіралася адваротная сытуацыя: пры агульным росьце цэнаў на 12,83% і падаражэньні нехарчовых тавараў на 13,66% цэны на лекі павялічыліся ўсяго на 2,69%.

Агулам за апошнія пяць гадоў (2019–2023 гг.) рост цэнаў на лекі ў Беларусі быў блізкі да агульнага росту цэнаў, нязначна апярэдзіўшы яго — 48,35% супраць 47,66%. Падаражэньне нехарчовых тавараў склала 44,06%.

21 сьнежня 2023 году на нарадзе ў пытаньнях удасканаленьня сыстэмы рэгуляваньня цэнаўтварэньня і кантролю за цэнамі Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з абгрунтаванасьцю росту цэнаў на лекі:

«Чаго мы баімся? Нейкі прыватнік з аптэкі сыдзе? Няхай сыходзіць! У нас дастаткова дзяржаўных аптэк, якія будуць займацца», — заявіў Лукашэнка.

Пасьля гэтага Мінздароўя Беларусі запатрабавала ад камэрцыйных аптэк павялічыць долю айчынных лекаў у продажы да 40%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG