Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны Беларусі будуе новы вайсковы гарадок за 40 км ад мяжы з Украінай. Што пра яго вядома? ФОТА


Будаўніцтва лягера пад Гомлем. Фота чытача Свабоды
Будаўніцтва лягера пад Гомлем. Фота чытача Свабоды

Свабода атрымала фота пашпарта аб’екта і здымак зь месца будоўлі. Пагаварылі з экспэртамі, што менавіта там можа знаходзіцца.

На пачатку 2023 году беларускія СМІ заўважылі, што за сродкі дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы ў 2023–2027 гадах плянуецца пабудаваць новы вайсковы гарадок і палігон у Гомельскай вобласьці, недалёка ад мяжы з Украінай.

Плянавалася, што на гэтыя мэты зь бюджэту ў 2023 годзе будзе выдзелена 500 тысяч рублёў, у 2024-м і 2025-м — 10 і 40 мільёнаў адпаведна. Праект меліся распачаць у 2023-м і скончыць у 2027-м.

Будоўля новага вайсковага аб’екта можа быць зьвязаная з заявамі Аляксандра Лукашэнкі, агучанымі ў траўні 2022 году. Тады ён заявіў пра стварэньне ва Ўзброеных сілах «Паўднёвага апэратыўнага камандаваньня». Паводле іншай вэрсіі, агучанай праектам Motolko.help, там могуць быць разьмешчаныя вайскоўцы Сіл спэцыяльных апэрацый.

Дзе і хто будуе

Дакладнае месца будоўлі афіцыйна не раскрывалася. Крыніцы Свабоды зафіксавалі будаўнічую актыўнасьць на тэрыторыі былога піянэрскага лягеру «Чайка» ў Гомельскім раёне. Гэта прыблізна пасярэдзіне паміж Гомлем і Рэчыцай, да мяжы з Украінай адсюль вядзе асфальтаваная дарога. Да памежнага пераходу ў Новай Гуце — каля 40 кілямэтраў. Паводле суразмоўцы, на месцы былога лягера цяпер знаходзіцца будаўнічая тэхніка, рабочыя пракладаюць камунікацыі.

«Ад гораду да аб’екта ўздоўж трасы цягнуць гнуткую трубу, відаць, пад кабэль ці сувязь», — сьцьвярджае суразмоўца.

З пашпарта аб’екта, разьмешчанага на плоце былога лягера, вынікае, што замоўнік будоўлі — Упраўленьне капітальнага будаўніцтва Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. Генэральны падрадчык — Гомельскі домабудаўнічы камбінат, будаўнічае ўпраўленьне № 243. Праект быў распрацаваны інстытутам «Ваенпраект». Тэрміны будаўніцтва першай чаргі гарадка: кастрычнік 2023 — сакавік 2024 году.

«Ня выключана, што вайсковы гарадок будзе разбудаваны ня толькі на тэрыторыі былога лягера „Чайка“, але і закінутых суседніх лягераў — „Галяктыка“, „Лясная паляна“, „Ліцейшчык“. Там пакуль не вядзецца ніякай дзейнасьці, але „чужых“ адтуль ужо выгналі. Напрыклад, зь піянэрскага лягера „Галяктыка“ выгналі аматараў страйкболу, якія раней там стала займаліся», — сьцьвярджае суразмоўца Свабоды.

Непадалёк ад новага аб’екта цяпер дзейнічае 1393-я база артылерыйскіх боепрыпасаў, вайсковая частка № 52208.

Пашпарт аб'екта
Пашпарт аб'екта

Незапатрабаваны лягер

Летнікі «Лясная паляна», «Ліцейшчык», «Чайка», «Галяктыка» былі пабудаваныя ў лясах пад Гомлем у савецкі час, пераважна ў 60-я гады. Гэта былі профільныя лягеры — у асноўным для дзяцей работнікаў прамысловых прадпрыемстваў гораду.

На сайце Камітэту дзяржаўнай маёмасьці ў 2021 годзе заяўлялі аб продажы лягеру «Чайка». Раней летнік належаў гомельскаму будаўнічаму трэсту № 14. Прадпрыемства прадавала з аўкцыёну сваю маёмасьць, у тым ліку і летнік. Ён быў пабудаваны ў 1968 годзе пад вёскай Прыбар Гомельскага раёну.

Лягер не выкарыстоўваўся з 2016 году. Ён мае агульную плошчу амаль 6500 квадратных мэтраў. У 2021 годзе летнік прадавалі для ахвотных з магчымым кірункам дзейнасьці «сацыяльна-бытавога ці вытворчага прызначэньня».

Інфармацыі пра новага ўласьніка лягера ў агульным доступе няма. Зь першага разу летнік «Чайка» не ўдалося прадаць — не было ахвотнікаў. На другі аўкцыён уласьнік скінуў цану на 20% і прасіў за лягер 807 010,40 беларускага рубля.

«Паглядзім, які сьцяг там падымуць»

Украінскі вайсковы экспэрт Алег Жданаў у камэнтары Свабодзе зазначыў, што, хутчэй за ўсё, у новым вайсковым гарадку будзе разьмешчаны гарнізон, задачай якога будзе прыкрыцьцё дзяржаўнай мяжы.

«Па-мойму, у Беларусі пакуль абарончая ваенная дактрына засталася, у адрозьненьне ад расейскай. Але калі адбудзецца палітычнае аб’яднаньне Беларусі і Расеі, тады дактрына зьменіцца на наступальную. Тады гэта будзе вайсковая база для нападу», — лічыць экспэрт.

Ён не выключае, што гарадок могуць аддаць у карыстаньне расейскім вайскоўцам, як гэта адбылося з аэрадромам у Зябраўцы (Гомельскі раён) і Вялікі Бокаў (Мазырскі раён).

Алег Жданаў
Алег Жданаў

«Тут пакуль 50 на 50. Я лічу, што працэс аб’яднаньня Беларусі і Расеі непазьбежны. На сёньня супрацьпаветраныя сілы Беларусі ў падпарадкаваньні і інтэграцыі ў агульнай сыстэме, як яны любяць казаць, „саюзнай дзяржавы“, як і памежныя службы. Памятаеце, як у студзені 2022 году былі вучэньні, мэтай якіх была „адпрацоўваньне пытаньня бясьпекі саюзнай дзяржавы“, і чым гэтыя вучэньні скончыліся? Таму і цяпер гэта пытаньне 50 на 50. Або беларускае войска ўвальецца ў войска „саюзнай дзяржавы“, або тут будзе база расейскіх вайскоўцаў як часткі сыстэмы „бясьпекі саюзнай дзяржавы“», — кажа Алег Жданаў.

Ён дадаў, што «ня зьдзівіцца», калі ўздоўж мяжы з Украінай будзе пабудавана яшчэ некалькі такіх аб’ектаў.

«Мяркуецца, што мы ўсё-ткі рана ці позна будзем часткай Эўропы. Адпаведна, Украіна трапіць у катэгорыю магчымага праціўніка. Як цяпер Пуцін заяўляе пра аднаўленьне Ленінградзкай вайсковай акругі, бо «фіны такія нядобрыя, уступілі ў NATO», — тлумачыць экспэрт.

Гаворачы пра даволі сьціслыя тэрміны будаўніцтва, Алег Жданаў зазначыў, што «яны вельмі сьпяшаюцца». «Хто заселіць базу? У сакавіку паглядзім, які сьцяг там будзе ўзьняты», — дадаў ён.

Перадавая база пры нападзе на Ўкраіну?

Былы беларускі афіцэр, які цяпер ваюе ў складзе палку Каліноўскага (у мэтах бясьпекі сваякоў у Беларусі не называем ягонае імя і пазыўны. — РС) у камэнтары Свабодзе выказаўся, што новы вайсковы гарадок можа стаць перадавой базай пры магчымым нападзе на Ўкраіну з поўначы.

«Хутчэй за ўсё, у будучыні расейцы, улічыўшы свае ранейшыя памылкі, будуць атакаваць Чарнігаў з боку Расейскай Фэдэрацыі. Гэтая ж база на тэрыторыі Гомельскай вобласьці ім трэба будзе для ратацыі, забесьпячэньня і гэтак далей», — кажа вайсковец.

На ягоную думку, расейцы могуць у будучыні плянаваць захапіць Чарнігаў, і гэта для іх будзе «перамога» — захоп абласнога цэнтру Ўкраіны і пляцдарм для нанясеньня ўдараў па Кіеве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG