Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прынялі яшчэ больш рэпрэсіўны закон аб рэлігіі». Спэцкамісія ЗША крытыкуе папраўкі, якія пастрожваюць умовы для рэлігійных арганізацый


2021 год. Царква "Новае жыцьцё", якую ўлады ліквідавалі ў 2023 годзе. Ілюстрацыйнае фота.
2021 год. Царква "Новае жыцьцё", якую ўлады ліквідавалі ў 2023 годзе. Ілюстрацыйнае фота.

Сытуацыя са свабодай рэлігіі ў Беларусі рэгрэсуе, гаворыцца ў заяве Камісіі ЗША па міжнароднай рэлігійнай свабодзе (USCIRF) у сувязі з тым, што 3 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў папраўкі, якія карэктуюць законы па пытаньнях дзейнасьці рэлігійных арганізацый.

USCIRF канстатуе, што папраўкі «захоўваюць найбольш рэгрэсіўныя палажэньні прынятага ў 2002 годзе закона аб рэлігіі і накладваюць яшчэ больш неабгрунтаваных абмежаваньняў на рэлігійныя супольнасьці».

«Замест таго каб адмяніць празьмерна абмежавальны закон аб рэлігіі, што прыняты больш за два дзесяцігодзьдзі таму і не адпавядае міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, беларускія службовыя асобы з падвойнай стараннасьцю прынялі яшчэ больш рэпрэсіўны закон аб рэлігіі, які надзяляе ўлады неабмежаваным кантролем над рэлігійнымі супольнасьцямі і іх справамі», — заявіў кіраўнік камісіі Абрахам Купер.

Паводле яго слоў, супольнасьці «апынуцца перад складаным выбарам: вызнаваць сваю рэлігію або перакананьні „незаконна“ або падпарадкавацца жорсткаму рэжыму, які без разбору ўжывае сілу і запалохвае ўласны народ».

У заяве адзначана, што пасьля пратэстаў 2020 года ўлады «паспрабавалі ліквідаваць незалежную грамадзянскую супольнасьць і падпарадкаваць усе аспэкты грамадзкага жыцьця дзяржаўнаму кантролю і нагляду». Абноўлены закон аб рэлігіі «выстаўляе строгія, цяжкія патрабаваньні да рэлігійных супольнасьцяў і ўтрымлівае расплывістыя забароны, якія, верагодна, абмяжуюць мірнае выказваньне рэлігійных перакананьняў».

«Закон патрабуе ад рэлігійных супольнасьцяў прайсьці перарэгістрацыю на працягу года, што, як чакаецца, прывядзе да пазбаўленьня рэгістрацыі дзясяткаў невялікіх рэлігійных супольнасьцяў, як гэта было пасьля набыцьця моцы законам аб рэлігіі 2002 года», — зьвяртае ўвагу USCIRF.

Намесьнік кіраўніка камісіі Фрэдэрык А. Дэві заклікаў адміністрацыю прэзыдэнта Джо Байдэна і Кангрэс «надаваць прыярытэтную ўвагу свабодзе веравызнаньня ў рамках намаганьняў урада ЗША па прыцягненьні Беларусі да адказнасьці за грубыя парушэньні правоў чалавека».

USCIRF — самастойны кансультатыўны орган урада ЗША, створаны Кангрэсам на двухпартыйнай аснове. Праводзіць маніторынг захаваньня свабоды рэлігіі ва ўсім сьвеце і распрацоўвае палітычныя рэкамэндацыі для прэзыдэнта, дзяржсакратара і Кангрэса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG