Расейскае выданьне «Медуза» 4 студзеня апублікавала фільм, прысьвечаны падзеям 2020 году ў Беларусі. Дакумэнтальную стужку «Паглядзіце наверх» выпусьціла бэрлінская студыя Narra, заснаваная расейцамі, якія эмігравалі.
Паводле суаўтара фільму, журналіста Аляксандра Ўржанава, каманда пачынала працу над фільмам, «каб пакінуць сьведчаньне аб пратэстах 2020 году ў Беларусі і іх жорсткім падаўленьні», але з таго часу фільм стаў «унівэрсальным», бо «ў сьвеце застаецца ўсё менш месцаў, дзе такі сюжэт (пакуль) ня можа адбыцца».
«Гэта пранізьлівая гісторыя аб тым, што ў чалавека ёсьць магчымасьць выбіраць — нават у самыя беспрасьветныя часы», — гаворыцца ў анонсе да фільму.
У цэнтры сюжэту — два героі, якія «маглі б быць добрымі суседзямі ці знаёмымі, але апынуліся адзін супраць аднаго, у ролі ахвяры і агрэсара». «Здавалася, што яны ня могуць зрабіць нічога. Аднак абодва даказалі, што гэта ня так, што ёсьць шлях паміж адчайным подзьвігам і бесчалавечнай абыякавасьцю», — адзначае Аляксандар Уржанаў.
На пачатку фільму аўтары папярэджваюць, што «зьмянілі некаторыя арыгінальныя кадры», бо сілавікі ў Беларусі працягваюць хапаць удзельнікаў пратэстаў 2020 году па фота і відэа, зробленых падчас пратэстаў.
У ліпені 2023 году разгарэўся скандал зь іншым фільмам пра беларускія пратэсты-2020 беларускага дакумэнталіста Мікалая Мамінава, які апублікавала літоўскае выданьне Delfi. Аўтары фільму не схавалі твары ўсіх пратэстоўцаў на кадрах. Некаторыя людзі пазналі сябе ў фільме і пачалі непакоіцца пра сваю бясьпеку.
Фільм выклікаў рэакцыю ў праўладных тэлеграм-каналах і каналах, блізкіх да беларускіх сілавікоў. Там заявілі, што літоўская стужка дапаможа ў пошуках пратэстоўцаў. Пазьней сілавікі пацьвярджалі, што знайшлі і затрымалі некалькіх чалавек, якія трапілі ў кадар.