Урад Беларусі і ў 2024 годзе будзе рэгуляваць гранічныя максымальныя аптовыя надбаўкі да адпускной цаны вытворцы або імпартэра на тавары для аграпрамысловай вытворчасьці. На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі адпаведную пастанову, якую 29 сьнежня 2023 году выпусьціў Савет Міністраў.
Пастанову прынялі на падставе пункту 2 указу Лукашэнкі ад 13 чэрвеня 2023 г. № 171 «Аб прыняцьці мер у галіне цэнаўтварэньня».
У сьпіс на кантроль і рэгуляваньне цэны на:
- сродкі аховы расьлін;
- кармавыя дабаўкі (за выключэньнем кармавых дабавак для катоў, сабак, дэкаратыўных грызуноў, дэкаратыўных птушак і іншых непрадуктыўных жывёлаў);
- вэтэрынарныя прэпараты для сельскагаспадарчых жывёлаў;
- насеньне сельскагаспадарчых расьлін (за выключэньнем насеньня, прызначанага для раздробнага гандлю (у спажывецкай упакоўцы), насеньня кветкавых і дэкаратыўных расьлін (насеньне, саджанцы, плады, часткі складаных пладоў, суплодзьдзі, цыбуліны, клубні), цыбулі-сяўка);
- макуха сланечнікавая, соевая, рапсавая, прызначаная для рэалізацыі на кармавыя мэты або вытворчасьці камбікармоў суб’ектам, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць у галіне аграпрамысловай вытворчасьці;
- машыны і абсталяваньне для аграпрамысловай вытворчасьці.
Надбаўкі імпартэраў застануцца ў межах 25%. Аптовыя надбаўкі не павінны перавышаць 20%.
Пастанова, падпісаная першым намесьнікам прэм'ер-міністра краіны Мікалаем Снапковым, набывае моц пасьля афіцыйнага апублікаваньня і будзе дзейнічаць да 31 сьнежня.
Надбаўкі на гэтыя тавары абмежавалі ў лютым мінулага году, і яны дзейнічалі да яго заканчэньня.