2300 паштовак са словамі падтрымкі: у Польшчы ладзяць акцыю салідарнасьці з Анджэем Пачобутам

Анджэй Пачобут. Архіўнае фота
Анджэй Пачобут. Архіўнае фота

На плятформе Patronite зараз праходзіць кампанія ў падтрымку палітзьняволенага беларускага журналіста. Анджэй Пачобут за кратамі ўжо 1015 дзён.

«Анджэй — палітвязень, які зазнае катаваньні, нягледзячы на відавочныя праблемы са здароўем. Давайце пакажам, што мы пра яго не забыліся. Напішыце словы падтрымкі Анджэю і ягонай сям’і!» — просяць арганізатары акцыі на плятформе Patronite.

На старонцы ёсьць форма для запаўненьня, калі чалавек пажадае напісаць словы падтрымкі беларускаму журналісту. На гэты заклік на 3 студзеня ўжо адгукнулася 2332 чалавекі. Арганізатары запэўніваюць, што выбраныя паштоўкі будуць раздрукаваны і дастаўлены сямʼі Анджэя.

Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 году ў Горадні па так званай «польскай справе» разам зь іншымі актывістамі Саюзу палякаў Беларусі.

За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.

У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.

​
XS
SM
MD
LG