Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстан выключыў «Талібан» са сьпісу забароненых арганізацый


Прадстаўнікі «Талібану» на чыгунцы ў Гераце
Прадстаўнікі «Талібану» на чыгунцы ў Гераце

У Астане патлумачылі прычыны такога рашэньня.

Пра выключэньне «Талібану» са сьпісу тэрарыстычных арганізацый агенцтву Kazinform паведаміў афіцыйны прадстаўнік МЗС Казахстану Айбек Смадыяраў.

Пазьней МЗС патлумачыў, чаму «Талібан» больш не забароненая арганізацыя ў краіне, пра гэта спэцпрадстаўнік міністэрства заявіў выданьню Orda.

«Казахстан рэгулярна праводзіць рэвізію нацыянальнага сьпісу забароненых у Рэспубліцы Казахстан тэрарыстычных арганізацый у мэтах яго актуалізацыі. У рамках указанага працэсу прынята рашэньне аб выключэньні зь яго Руху „Талібан“ у адпаведнасьці з практыкай ААН. Так, паводле рэзалюцый Рады Бясьпекі ААН, якія абавязковыя да выкананьня, Рух „Талібан“ не ўваходзіць у сьпісы арганізацый, прызнаных Радай Бясьпекі ААН у якасьці тэрарыстычных».

Што датычыцца палітычных кантактаў, прадстаўнік МЗС падкрэсьліў, што Казахстан і ў далейшым будзе строга прытрымлівацца рашэньняў і рэзалюцый, якія прымае Рада бясьпекі і Генэральная асамблея ААН.

У Беларусі шэраг зьвязаных з «Талібанам» асоб уваходзіць у актуальны пералік людзей, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці.

«Талібан» — афганскі (пуштунскі) радыкальны рух суніцкага напрамку, які ў 1996-м упершыню прыйшоў да ўлады ў Афганістане. Талібы ваявалі з арміяй ЗША, з 1999 году арганізацыя зьяўлялася ў Злучаных Штатах тэрарыстычнай за сувязі з «Аль-Каідай» і адмову выдаць Усаму бін Ладэна, які кіраваў тэрактамі ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне ў 2011 годзе.

15 жніўня 2021 году ў выніку буйной наступальнай апэрацыі супраць урадавай афганскай арміі, якая развальвалася і разьбягалася на вачах, амаль не аказваючы супраціву, рух «Талібан» цалкам узяў пад свой кантроль сталіцу Кабул і зноў прыйшоў да ўлады ў краіне. На працягу прыкладна тыдня пасьля падзеньня Кабула тысячы афганцаў у жаху перад талібамі ў цісканіне і паніцы спрабавалі пакінуць краіну на вайскова-транспартных самалётах заходніх краін. Талібы ім гэта нейкі час дазвалялі. Некаторыя людзі ў спробах уцячы хапаліся за шасі і крылы самалётаў, падалі на зямлю пры наборы вышыні і разьбіваліся.

Талібы зноў абвясьцілі Афганістан «ісламскім эміратам», забаранілі жанчынам атрымліваць адукацыю, публічна спалілі музычныя інструмэнты. З самага пачатку свайго новага прыходу «Талібан» актыўна супрацоўнічае з Расеяй, дзе раней таксама лічыўся тэрарыстычнай арганізацыяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Падсумаваньне тыдня на Свабодзе – у адным суботнім лісьце! Усе эксклюзіўныя і важныя публікацыі за тыдзень – у нашай эмэйл-рассылцы: так вы ніколі не прапусьціце самае цікавае!

Дык падпісвайцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG