Як нагадвае ВВС, Аўстрыя пярэчыла пашырэньню зоны, спасылаючыся на пагрозу нелегальнай іміграцыі. Аднак пазьней было дасягнутае пагадненьне, што Баўгарыя і Румынія могуць уводзіць зону паэтапна.
Налета працягнуцца перамовы аб адкрыцьці сухапутных межаў.
Прэм’ер-міністар Баўгарыі Нікалай Дэнкаў пацьвердзіў дамоўленасьць, а прэмʼер-міністар Румыніі Марчэль Чаляку напісаў у Фэйсбуку: «Праз 13 гадоў Румынія нарэшце далучыцца да Шэнгену! У нас ёсьць палітычная згода на гэты конт!». Аўстрыйскія афіцыйныя асобы заявілі толькі, што перамовы працягваюцца.
Цяпер у Шэнгенскай зоне 27 краін, што дазваляе 400 мільёнам чалавек свабодна перамяшчацца паміж імі.
Румынія і Баўгарыя ўступілі ў ЭЗ у 2007 годзе і больш за 10 гадоў спрабуюць увайсьці ў Шэнгенскую зону. Іх поўнае ўваходжаньне ў зону пакіне Ірляндыю і Кіпр адзінымі краінамі ЭЗ па-за яе межамі.
Вена наклала вэта на пашырэньне Шэнгенскай зоны ў 2022 годзе, але раней у гэтым месяцы зьмякчыла сваю пазыцыю, выставіўшы ідэю «паветранага Шэнгена» як папярэдніка адкрыцца сухапутных межаў. Яна заявіла, што гатовая пайсьці на зьмякчэньне правілаў авіязносінаў дзьвюх краінаў, калі Брусэль прыме захады ва ўмацаваньні вонкавых межаў ЭЗ.
Кіроўная ў Аўстрыі Народная партыя заняла жорсткую пазыцыю ў пытаньні іміграцыі пад ціскам ультраправай Партыі свабоды, якая цяпер лідэр у апытаньнях.