Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі затрымалі маці і бабулю, пагражаюць зьмясьціць іх на Новы год на Акрэсьціна. Што пра іх вядома

Акрэсьціна, ілюстрацыйнае фота
Акрэсьціна, ілюстрацыйнае фота

Што вядома пра затрыманых Тамару Каралёву і яе дачку Юлію, у якой ёсьць 4-гадовая дачка.

З жанчынамі запісалі «пакаяльнае» відэа, якое зьявілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў, заўважыла выданьне «Люстэрка».

У роліку маладая жанчына кажа, што ў 2020 годзе выходзіла на маршы пратэсту разам зь дзіцем у калясцы (яму тады было 8 месяцаў) і бел-чырвона-белым сьцягам. Яе таксама прымусілі сказаць на камэру, што яна працуе дырэктарам кампаніі і атрымлівае высокі заробак. У відэа зьнялі і бабулю дзіцяці — паводле яе, яна суправаджала дачку і ўнука на акцыях. Пры гэтым сям’я трапіла на камэры тэлеканала АНТ, які вёў рэпартаж з пратэстаў.

«Наша Ніва» даведалася падрабязнасьці пра жанчын. Юлія разам з мужам Алесем Місунам займаецца лёгкай атлетыкай і рэгулярна бегае паўмаратоны. Алесь Місуна — сузаснавальнік digital-агенцтва Qmedia, адзін з найбольш пасьпяховых маладых прадпрымальнікаў Беларусі.

Тамара і Юлія Каралёвы маюць уласны бізнэс — фірму «Каралёў трэйд», якая існуе больш за 15 гадоў і прадае паслугі і тавары ў сфэры «прыгажосьці, спа і вэлнэс». Акрамя касмэтыкі, гэта яшчэ і апараты для стварэньня спа-зонаў і салёнаў прыгажосьці, а таксама паслугі па афармленьні салёнаў пад ключ. Тамара — дырэктарка Асацыяцыі прыкладной эстэтыкі і спа Беларусі, а Юлія — ейная намесьніца.

Хоць абедзьвюх жанчын затрымалі праз фота з жаночых маршаў, на ўсіх прадэманстраваных выявах яны стаяць на пешаходных сьцежках.

Акрамя таго, Юлію вінавацяць у тым, што на адзін з пратэстаў яна брала з сабой дзіця. Абедзьве жанчыны на відэа сілавікоў кажуць, што «найбліжэйшыя сьвяты правядуць на Акрэсьціна». Як вынікае з паведамленьня сілавікоў, маці малога дзіцяці арыштавалі на 15 дзён.

Паводле заканадаўства жанчыне, якая мае непаўналетняе дзіця, ня маюць права прысудзіць суткі, на яе можа быць толькі накладзены штраф.

XS
SM
MD
LG