Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Парыжы праз страйк пэрсаналу зачынілася Эйфэлева вежа


Эйфэлева вежа ў Парыжы
Эйфэлева вежа ў Парыжы

Адна з галоўных славутасьцяў Парыжу — Эйфэлева вежа — 27 сьнежня зачынілася для наведнікаў. Прычынай стаў страйк пэрсаналу. Работнікі абвінавачваюць кіроўную кампанію ў тым, што яна арыентуецца толькі на прыбытак і не ўдзяляе дастатковай увагі тэхнічнай падтрымцы і рамонту вежы.

Прафсаюз CGT, які зладзіў страйк, у сваёй заяве адзначыў, што мэта акцыі — прыцягнуць увагу да заган фінансавай палітыкі кіроўнай кампаніі. На думку страйкоўцаў, мэнэджмэнт няправільна ацэньвае колькасьць гараджанаў і турыстаў, якія штогод наведваюць вежу, і недакладна падлічвае неабходныя выдаткі на падтрыманьне яе ў добрым стане. Яны папярэджваюць, што калі тэхнічныя праблемы і далей будуць ігнараваць, дык да адкрыцьця Алімпійскіх гульняў у Парыжы ў 2024 годзе вежа можа і зусім закрыцца для турыстаў.

Работнікі і раней неаднаразова папярэджвалі, што вежа ў кепскім тэхнічным стане.

У прафсаюзе называюць палітыку кампаніі SETE, якая кіруе вежай, «амбітнай і непасьлядоўнай». Па іх словах, SETE пры фармаваньні бюджэту разьлічвае, што штогод вежу маюць наведваць 7,4 мільёна турыстаў, але такой колькасьці не было яшчэ ў ніводным годзе. Да пандэміі каранавірусу колькасьць наведнікаў часам дасягала сямі мільёнаў, але потым яна рэзка зьменшылася, а ў 2022 годзе ўзрасла толькі да 5,9 мільёна.

Страйк прайшоў у дзень, калі споўнілася сто гадоў з дня сьмерці стваральніка славутасьці. Інжынэр Гюстаў Эйфэль, які пабудаваў вежу ў 1889 годзе, памёр 27 сьнежня 1923 году. Прафсаюз CGT назваў страйк «сымбалічнай акцыяй у сымбалічны дзень». Вялікі канцэрт, прымеркаваны да даты сьмерці Эйфэля, усё ж адбыўся, але толькі ля падножжа вежы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG