Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджанага на 15 гадоў палітвязьня Ігара Лосіка выклікалі ў аддзел прымусовага выкананьня Баранавічаў


Ігар Лосік, архіўнае фота
Ігар Лосік, архіўнае фота

Палітзьняволенага журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка, які ўжо тры з паловай гады знаходзіцца ў няволі і цяпер утрымліваецца ў Наваполацкай калёніі, тэрмінова выклікаюць у аддзел прымусовага выкананьня Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы.

26 сьнежня на імя Ігара Лосіка прыйшла позва, у якой ён названы «даўжніком». Судовы выканаўца патрабуе тэрмінова спагнаць з Лосіка «выдаткі на ўтрыманьне дзіцяці, кіруючыся артыкулам 37 Закона Рэспублікі Беларусь „Аб выканаўчым вядзеньні“».

У выпадку няяўкі да судовага выканаўцы «бяз важкай прычыны» Ігара Лосіка могуць «прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкула 25.6 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях», пазначана ў позьве.

Асадкай унізе аркуша напісана: «Зьвяжыцеся тэрмінова з судовым выканаўцам».

З позвы вынікае, што ў аддзеле прымусовага выкананьня Баранавіцкага раёну і Баранавічаў ня ведаюць, што Лосік ужо 3,5 года знаходзіцца за кратамі.

Ігара Лосіка затрымалі ў яго дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году. У сьнежні 2021 году Гомельскі абласны суд прызначыў яму 15 гадоў калёніі. Пакараньне журналіст Свабоды адбывае ў Наваполацкай калёніі № 1. З 20 лютага 2022 году сувязі зь ім няма. Паводле інфармацыі дасьведчанай крыніцы, Ігар ужо больш за 6 месяцаў знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу.

18 кастрычніка 2021 году затрымалі жонку Ігара Дар’ю Лосік, у студзені 2022 году яе асудзілі на 2 гады за камэнтар тэлеканалу «Белсат», які быў прызнаны «экстрэмісцкім». Дар’я адбывае пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі № 4.

У Ігара і Дар'і Лосікаў ёсьць чатырохгадовая дачка Паўліна, апеку над якой аформілі Дар’іны бацькі. Ад дзяржаўнай дапамогі на дзіця яны адмовіліся, гадуюць і выхоўваюць унучку разам з бацькамі Ігара.

Гэта ўжо ня першая позва, якая прыходзіць на імя Ігара Лосіка з суду і аддзелу прымусовага пакараньня Баранавіцкага раёну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG