Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўныя ўкраінцы ўпершыню будуць сьвяткаваць Каляды 25 сьнежня


Украінскія вайскоўцы на імшы ў праваслаўнай царкве каля лініі фронту ў Данецкай вобласьці, калі ўкраінцы рыхтуюцца да Калядаў
Украінскія вайскоўцы на імшы ў праваслаўнай царкве каля лініі фронту ў Данецкай вобласьці, калі ўкраінцы рыхтуюцца да Калядаў

Многія ўкраінцы ўпершыню адсьвяткуюць Каляды 25 сьнежня пасьля таго, як царкоўныя і сьвецкія ўлады зьмянілі дату сьвяткаваньня Калядаў з 7 студзеня на 25 сьнежня, дзень, калі большасьць хрысьціянскага сьвету адзначае сьвята Нараджэньня Хрыстовага.

Улады Ўкраіны, якая цярпіць ад разьвязанай Расеяй вайны, заявілі, што ўкраінцы хочуць «жыць сваім жыцьцём са сваімі традыцыямі і сьвятамі», «адмовіцца ад расейскай спадчыны навязваньня сьвяткаваньня Калядаў 7 студзеня».

1 верасьня 2023 году дзьве вядучыя цэрквы Ўкраіны — Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ) і Ўкраінская грэка-каталіцкая царква (УГКЦ) — афіцыйна перайшлі на новы царкоўны каляндар.

З гэтага часу ПЦУ і УГКЦ будуць сьвяткаваць Раство не 7 студзеня, як раней, а 25 сьнежня. Сьвята Пакрова будзе не 14-га, а 1 кастрычніка. Гэта значыць, сталыя сьвяточныя даты пераносяцца на 13 дзён раней.

Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сваім указам ухваліў перанос сьвяткаваньня Раства.

Абедзьве царквы цяпер выкарыстоўваюць новаюльянскі каляндар, які супадае з грыгарыянскім.

Парафіянам, якія яшчэ не гатовыя перайсьці на новаюльянскі каляндар, далі двухгадовы пераходны пэрыяд.

Большасьць праваслаўных цэркваў сьвету перайшлі на новаюльянскі каляндар 100 гадоў таму падчас Усеправаслаўнага зьезда, які прайшоў у Канстанцінопалі ў траўні 1923 года.

Юліянскі каляндар, які адстае ад сьвецкага на 13 дзён, працягваюць выкарыстоўваць Расейская, Беларуская (у падпарадкаваньні Маскоўскага патрыярхату), Грузінская, Сэрбская і Македонская праваслаўныя цэрквы, а таксама Іерусалімскі патрыярхат.

Беларуская праваслаўная парафія Вільні, якая адносіцца да Сусьветнага патрыярхату, упершыню будзе адзначаць Каляды паводле новаюльянскага календара — 25 сьнежня, а не 7 студзеня.

Падсумаваньне тыдня на Свабодзе – у адным суботнім лісьце! Усе эксклюзіўныя і важныя публікацыі за тыдзень – у нашай эмэйл-рассылцы: так вы ніколі не прапусьціце самае цікавае!

Дык падпісвайцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG