Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўнутранай палітыцы пазыцыі Лукашэнкі ўмацаваліся, у замежнай — наадварот, — Аркадзь Мошэс


Аляксандар Лукашэнка на Кобрынскім палігоне. 2023 год
Аляксандар Лукашэнка на Кобрынскім палігоне. 2023 год

Дырэктар праграмы «Ўсходняга партнэрства» ЭЗ і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных адносінаў Аркадзь Мошэс аналізуе, з чым ідзе на прэзыдэнцкія выбары Ўладзімір Пуцін, прагназуе, якім будзе наступны год для Ўкраіны, і зьвяртае ўвагу на апошнія замежнапалітычныя правалы Аляксандра Лукашэнкі.

Сьцісла:

  • Пуцін падчас сваіх апошніх выступаў не раздаваў насельніцтву ніякіх пернікаў.
  • Ва Ўкраіну вярнулася палітыка, і гэта добра.
  • Частка ўкраінцаў пачынае стамляцца ад «аптымістычнага тэлемаратону», што дае адну бясконцую навіну, якая павінна ўнушаць аптымізм і веру ў хуткую перамогу.
  • Захад ня хоча весьці з Лукашэнкам перамовы ні пра што.
  • Спробы Лукашэнкі стаць больш заўважнай фігурай у міжнароднай і рэгіянальнай палітыцы не ўдаліся.

— Уладзімір Пуцін афіцыйна пачаў сваю прэзыдэнцкую выбарчую кампанію. Раней на выбарах ягонымі галоўнымі тэмамі станавіліся пераважна сацыяльна-эканамічныя пытаньні. Але здаецца, што гэтым разам Пуцін найбольш гаворыць пра вайну, пра Ўкраіну, асабліва не даючы насельніцтву ніякіх эканамічных абяцаньняў. Ці можна меркаваць, што тэма вайны будзе адной з галоўных у ягонай кампаніі?

— Гэта сапраўды так. Я абмяркоўваў гэта з калегамі, і большасьць зьдзівіліся, што Пуцін не раздаваў ніякіх пернікаў насельніцтву падчас сваіх апошніх выступаў.

Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс
Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс

Гэта выглядае даволі па-новаму. Бо Пуцін жа традыцыйна хоча падабацца, хоча вырашаць усе праблемы, каб ніводзін кран, які недзе працякае, ня быў адрамантаваны безь ягонага асабістага дабраслаўленьня. Гэтым разам такога не было, яму нават даводзілася тлумачыць пэнсіянэрам, чаму не падвышаюць пэнсію, чаму расьце камуналка. Наўрад ці Пуціну гэта было надта прыемна, але ён разумеў, што тут трэба нешта патлумачыць.

Што тычыцца вайны, то яе вельмі цяжка ўпісаць у кантэкст перамог і дасягненьняў. З другога боку, хочацца гаварыць, што «мы перамагаем» і што гэта не патрабуе мабілізацыі ўсіх намаганьняў краіны. Так што, мяркую, ваенная тэматыка галоўнай тэмай у ягонай кампаніі ня стане.

Застаецца вяртацца да звыклай тэмы, што ўсё як мае быць, усё разьвіваецца сваім парадкам. Але пры гэтым рэпрэсіі будуць павялічвацца. Прынамсі, будуць рабіцца крокі, каб ставіць людзей пад усё большы кантроль з боку дзяржавы.

Другое — мы, магчыма, пабачым падчас кампаніі імкненьне запазычыць эстэтыку Савецкага Саюзу. Я зьвярнуў увагу на распараджэньне Пуціна аднавіць «парады фізкультурнікаў». Гэта мерапрыемства, якое будзе каштаваць вялікіх грошай і выглядаць, як у 1930-я гады. То бок ён і нейкія людзі вакол яго лічаць, што народу не стае менавіта гэтага. Ні грошай, ні нават перамог у вайне, а вось такіх сьвятаў у савецкім стылі. Прымусіць людзей прыгадаць, як ім добра было, калі яны былі маладыя і калі вакол быў Савецкі Саюз.

— Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі таксама днямі даў вялікую прэсавую канфэрэнцыю, дзе выступіў з даволі важнымі заявамі. Ці можна сказаць, што апошнія адносныя няўдачы Кіева на фронце і праблемы з замежнай падтрымкай могуць ускладніць у тым ліку і ўнутраную сытуацыю ва Ўкраіне?

— Мне здаецца, што ва Ўкраіну вярнулася палітыка, і гэта добра. Ніякая краіна ня можа доўга жыць у стане падвышанай мабілізацыі і ў «кансалідацыі вакол сьцяга». Для Ўкраіны нармальнасьць — гэта калі ёсьць унутраная палітыка, дэбаты, калі парлямэнт выконвае сваю ролю. Бо зараз парлямэнт самастойнай сілай не зьяўляецца, а ўсім кіруе Адміністрацыя прэзыдэнта, што, па вялікім рахунку, пярэчыць Канстытуцыі, бо Ўкраіна — парлямэнцка-прэзыдэнцкая рэспубліка.

Зразумела, што частка ўкраінцаў пачынае стамляцца ад гэтага «аптымістычнага тэлемаратону», што дае адну бясконцую навіну, якая павінна ўнушаць аптымізм і веру ў хуткую перамогу. Так ужо не атрымліваецца.

Што тычыцца замежнай сытуацыі, то Ўкраіна сутыкнулася з праблемай, зь якой не сутыкалася, бадай, ад пачатку расейскага ўварваньня — калі незразумела, што будзе далей. Захаду неабходна прыняць рашэньне, як канкрэтна ён зьбіраецца дапамагаць Украіне ў вайскова-тэхнічным пляне. Гэтыя рашэньні затрымліваюцца, не прымаюцца.

Украіна таксама ўжо не перамагае гэтак пасьпяхова ў піяр-кампаніях. Амэрыканская прэса пачынае пісаць, як ва Ўкраіне ўсё кепска. «Шапказакідальны» аптымізм ужо не пераконвае, ужо мала проста выйсьці і сказаць: «Мы верым у хуткую перамогу».

Калі гаварыць стратэгічна, то акрэсьлю верагодны сцэнар наступным чынам. Калі Ўкраіна вытрымае 2024 год без таго, каб падпісаць, кажучы словамі Леніна, «похабный мир», альбо проста не пачне прайграваць кампанію на фронце, то ў 2025 годзе яна можа спадзявацца на пэўны пералом. Але я не выключаю і таго, што Расея акажацца больш пасьпяховай, чым многім хацелася б, і гэта можа адбыцца, калі Ўкраіна не атрымае таго, што ёй неабходна, альбо калі Захад пачне чыніць на яе дыпляматычны ціск, каб прымусіць Кіеў разгледзець нейкія варыянты міру, якія не пасуюць украінцам.

— Ці можна казаць, што ў тактычным сэнсе Лукашэнку задавальняе цяперашняя сытуацыя, калі расейска-ўкраінскі фронт стаіць фактычна на месцы і ніводзін з бакоў не набліжаецца да стратэгічнага посьпеху? Бо калі пачне актыўна перамагаць альбо Расея, альбо Ўкраіна, — у гэтых варыянтах у Лукашэнкі зьяўляюцца відавочныя праблемы.

— У гэтым канкрэтным кантэксьце — так. Калі Расея перамагае, то Менску давядзецца вельмі складана, калі Ўкраіна — тое самае. Але ж вайна не адзінае, што вызначае пазыцыі Лукашэнкі.

Ва ўнутранай палітыцы ягоныя пазыцыі ўмацаваліся. У тым ліку таму, што яму ўдалося закінуць у грамадзкую думку і зацьвердзіць у ёй тэзіс, што Беларусь не ваюе толькі дзякуючы яму.

А ў замежнай палітыцы беларускія пазыцыі і так былі ня надта моцныя, а ў 2023 годзе яны яшчэ больш праселі. Лукашэнка спрабаваў пасунуцца ў цэнтар рэгіянальнай геапалітыкі — але нічога не атрымалася. Не атрымалася наладзіць «дыялёг». Уладзімер Макей пайшоў з жыцьця, а ягоным зьменшчыкам нічога тут не ўдалося. Шантажаваць Захад мігрантамі, вагнэраўцамі, нават ядзернай зброяй не атрымалася.

Стаўленьне да рэжыму Лукашэнкі сфармавалася. Апошні раз нейкія дэбаты назіраліся ў сакавіку-красавіку, калі была дыскусія на тэму: «А можа, пачаць дамаўляцца, здымаць санкцыі ў абмен на нешта?». Гэтая дыскусія вельмі хутка памерла, бо Захад ня хоча весьці з Лукашэнкам перамовы ні пра што. Магчыма, таму, што ня лічыць яго дамоваздольным, а магчыма, таму, што ня бачыць ніякай зацікаўленасьці Менску ў такіх перамовах.

І нават на постсавецкай прасторы ўзьніклі новыя расколіны. Нейкія пашырыліся, як складаныя адносіны з Армэніяй. А вось перапалкі паміж Лукашэнкам і прэзыдэнтам Казахстану Такаевым — гэта нешта новае. Бо Лукашэнка спрабуе «быць большым каталіком за папу Рымскага», абараняючы расейскія наратывы. І тут ён выступае насуперак кіраўнікам дзяржаваў АДКБ. То бок ягоныя спробы стаць больш заўважнай фігурай у міжнароднай і рэгіянальнай замежнай палітыцы не ўдаліся.

Паўнавартасным сябрам ШАС (Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва) Беларусь таксама ня стала. Так што ні з Захадам няма прарыву, ні на постсавецкай прасторы. Уяўляючы ягоную асобу — я думаю, для яго асабіста гэта даволі сур’ёзны ўдар.

— Улады Беларусі цяпер актыўна рыхтуюцца да парлямэнцкіх выбараў, прызначаных на 25 лютага. Лукашэнка амаль кожны тыдзень праводзіць нейкія нарады, прысьвечаныя гэтай тэме. Чаму ў сытуацыі, калі ўсё закатана пад асфальт, яго так турбуе гэтая кампанія, якая, здавалася б, не павінна прынесьці ніякіх праблемаў?

— Я думаю, што, зь ягонага гледзішча, яна павінна яго хваляваць. Лукашэнка моцна апёкся ў 2020 годзе. І зараз усё будзе пераправярацца шмат разоў. Так, пад асфальт закатана, — але людзі, якія не прымаюць рэжым Лукашэнкі, нікуды ж не падзеліся. Мы ня ведаем дакладна, колькі гэтых людзей — 50 працэнтаў ці 30 працэнтаў.

Калі гэтыя людзі адважацца на нейкі пратэст, то зноў нельга выключаць моцныя праблемы для ўлады. Нават ня так і важна, наколькі рэалістычны пратэст. Рэжым проста абавязаны перастрахоўвацца. Магчыма, нехта скажа, што гэта мяжуе з паранояй, — але можна назваць гэта і добрым плянаваньнем рэпрэсіўнай машыны. Пакуль у гэтай машыны ёсьць рэсурсы, яна будзе паводзіць сябе адпаведным чынам.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG