Палестынская групоўка ХАМАС, прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе, адхіліла прапанову Ізраіля прыпыніць баявыя дзеяньні ў сэктары Газа на тыдзень у абмен на вызваленьне прыкладна 40 закладнікаў.
Як паведаміла выданьне The Wall Street Journal са спасылкай на эгіпецкіх чыноўнікаў (Эгіпет з Катарам зьяўляюцца пасярэднікамі ў перамовах. — РС), 20 сьнежня адзін зь лідэраў ХАМАС Ісмаіл Ханія правёў у Каіры перамовы з прадстаўнікамі эгіпецкіх уладаў аб магчымасьці новай гуманітарнай паўзы ў сэктары Газа. Аднак сустрэча, паводле крыніц выданьня, скончылася безвынікова.
Суразмоўцы выданьня сьцьвярджаюць, што Ізраіль дамагаўся вызваленьня 40 закладнікаў, у тым ліку ўсіх астатніх жанчын і дзяцей, выкрадзеных пры нападзе на краіну 7 кастрычніка, а таксама старых мужчын, якім патрэбная тэрміновая мэдычная дапамога. Узамен Ізраіль прапаноўваў спыніць наземныя і паветраныя апэрацыі ў сэктары Газа на адзін тыдзень і дазволіць дастаўку гуманітарнай дапамогі насельніцтву на палестынскую тэрыторыю.
Прадстаўнікі дэлегацыі ХАМАС заявілі эгіпецкім пасярэднікам, што, перш чым абмяркоўваць любую патэнцыйную дамову, Ізраіль павінен спыніць наступ у сэктары Газа і вывесьці адтуль свае войскі. Нават калі перамовы пачнуцца, Ізраілю давядзецца выпусьціць з турмаў усіх палестынскіх зьняволеных, каб вызваліць пакінутых у палоне ў джыхадыстаў закладнікаў.
Для Ізраіля падобныя ўмовы катэгарычна непрымальныя. Паводле інфармацыі выданьня, ізраільскі бок заявіў, што ня спыніць правядзеньне ваеннай апэрацыі ў сэктары Газа.
Раней кіраўнік ізраільскай выведнай службы «Масад» Давід Барнэа заявіў, што, калі ХАМАС хоча спыніць вайну, то павінен скласьці зброю і выдаць Ізраілю сваіх лідэраў у сэктары Газа, адказных за напад 7 кастрычніка.
Падчас нападаў баевікоў ХАМАС на Ізраіль былі забітыя больш за 1200 ізраільцян, пераважная большасьць зь іх мірныя жыхары. 240 чалавек узялі ў закладнікі. У часе папярэдніх дамоўленасьцяў аб прыпыненьні агню ў канцы лістапада, баевікі ХАМАС вызвалілі 105 закладнікаў, а Ізраіль выпусьціў з турмаў 210 палестынцаў.