Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў. «Кашы можа есьці і ня скардзіцца» — што вядома пра дырэктара газэты «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых


Канстанцін Залатых. Архіўнае фота
Канстанцін Залатых. Архіўнае фота

Зь ліпеня 2023 году дырэктара газэты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых трымаюць у папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку. Вядома, што палітвязень працуе на сартаваньні поліэтыленавых гранул, а ў вольны час чытае шмат філязофскай і гістарычнай літаратуры.

Падрабязнасьці сталі вядомыя ад жонкі Канстанціна Натальлі.

«Пра ўмовы ў калёніі піша, што нармальныя, але думаю, што такія самыя, як і ў іншых палітвязьняў. У вольны час чытае, аднак вольнага часу ў іх там няшмат. Лісты даходзяць яму толькі ад бліжэйшых сваякоў, і ад яго тое самае. Званіць з калёніі яшчэ яму не дазволілі ніводнага разу», — расказала Натальля.

Канстанціну Залатых 54 гады. У калёніі ён працуе на сартаваньні поліэтылену. Вось што ягонай жонцы вядома пра гэтую працу:

«Яны там уручную перабіраюць поліэтыленавыя гранулы, зь якіх потым робяць плёнку.

Напісаў, што ёсьць добрыя гранулы, а ёсьць непрыдатныя, вось іх трэба аддзяліць. Наколькі гэта цяжкая і шкодная праца, ня ведаю, але, як сказала адна жонка вязьня, яны „працуюць папялушкамі“».

Паводле Натальлі Залатых, яе муж і ў калёніі знаходзіць магчымасьць займацца сур’ёзнымі кнігамі.

«Чытае, напрыклад, „Гісторыю заходняй філязофіі“ Бэртрана Расэла, „Мастацтва вайны“ Сунь Цзы. Чытае і кнігі па-ангельску. Вельмі любіць гісторыю, асабліва ваенную, тэорыю палітыкі і эканомікі, філязофію. Некаторыя кнігі, якія яго цікавяць, замаўляе праз кнігарню і потым чакае, пакуль прыйдуць», — расказала Натальля Залатых.

Жонцы палітвязьня невядома, ці займаецца ён у калёніі спортам.

«Наколькі ведаю, палітычных не бяруць у спартовыя гульні, не дазволена. Але ня скардзіўся на стому, піша, што здаровы. Ён увогуле піша вельмі бадзёрыя лісты і адносна харчаваньня ня скардзіцца. Ён у мінулым чалавек вайсковы, таму кашы можа есьці і не наракае. Піша, што і рыбу даюць, і мяса, а на вячэру звычайна смажаная „варонка“ — падсмажаная вараная каўбаса. Яшчэ ў яго ёсьць „атаварка“ — можна ў краме набыць нешта дадатковае, але не на 222 рублі, як ва ўсіх, а толькі на 74 рублі».

  • Канстанціна Залатых арыштавалі ў траўні 2022 году. Спачатку яго ўтрымлівалі ў СІЗА ў Жодзіне, потым у «Валадарцы». У сакавіку 2023 году Менскі гарадзкі суд у закрытым паседжаньні прызнаў дырэктара газэты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з абразай Лукашэнкі і распальваньнем сацыяльнай ды іншай варажнечы і прысудзіў яму 4 гады зьняволеньня. Сваёй віны Канстанцін Залатых не прызнаў. Беларускія праваабаронцы прызналі журналіста палітвязьнем.
  • Паводле прысуду Канстанцін Залатых мае выйсьці на волю ў 2025 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG