Прадстаўнік у замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі паведаміў, што ягоны пераезд не зьвязаны з дакумэнтамі, хоць гэта і супала са сканчэньнем тэрміну дзеяньня літоўскага ДНЖ.
Як паведаміла «Наша ніва», адказны за міжнародныя справы ў Аб’яднаным пераходным кабінэце дыплямат Валер Кавалеўскі, які апошнія тры гады працаваў побач са Сьвятланай Ціханоўскай у Вільні, пакідае Літву.
Адбываецца гэта на фоне больш строгага стаўленьня Літвы да беларускіх мігрантаў: новыя дазволы на жыхарства не выдаюцца, а старыя не падаўжаюцца для многіх з тых, хто некалі служыў у Беларусі ў дзяржаўных ці сілавых органах.
Кавалеўскі рабіў сваю карʼеру ў беларускім Міністэрстве замежных спраў, а таксама скончыў вайсковую катэдру і зьяўляецца афіцэрам запаса.
«Наша ніва» спытала пра гэта ў Кавалеўскага, і той адказаў, што нюансы з дазволам на жыхарства сапраўды ёсьць, але гэта супадзеньне.
«Мой пераезд у Варшаву не зьвязаны з дакумэнтамі, хоць гэта і супала са сканчэньнем тэрміну дзеяньня літоўскага ДНЖ. Прайшло 3 гады працы ў Вільні — гэта звычайны тэрмін для дыплямата ў адной сталіцы.
У Варшаве знаходзіцца большая частка прадстаўнікоў кабінэта, знаходжаньне ў адным горадзе паспрыяе эфэктыўнасьці супольнай працы. Мяняецца горад, але пры гэтым мае абавязкі застаюцца нязьменнымі», — сказаў Кавалеўскі.
На пытаньне Свабоды, ці падаваў ён дакумэнты на працяг літоўскага віду жыхарства Кавалеўскі не адказаў, зачявіў толькі, што "камэнтару «Нашай ніве» сказаў ён усё, што датычыць пераезду.