У Турэччыне прайшла сакрэтная сустрэча кіраўнікоў групоўкі ХАМАС, якую ў ЗША і Эўразьвязе прызналі тэрарыстычнай.
Як паведаміў ізраільскі дзяржаўны тэлеканал Kan, намесьнік кіраўніка палітбюро ХАМАС Салех аль-Аруры прыбыў з Бэйруту (Лібан), а колішні кіраўнік групоўкі — з Дохі (Катар).
Анкара гарантавала бясьпеку і сакрэтнасьць. Рашэньне правесьці пэрсанальную сустрэчу абумовілі пабойваньні ўмяшаньня з боку ізраільскіх спэцслужбаў у онлайн-перамовы.
Мэтай гэтай сустрэчы магло быць узгадненьне пазыцый у пытаньнях вайны з Ізраілем у сэктары Газа. Удзельнікі, паводле журналістаў, абмяркоўвалі новы сцэнар спыненьня агню і чарговага этапу абмену палоннымі, а таксама дзеяньні ХАМАС у Лібане.
Афіцыйнага пацьверджаньня гэтага паведамленьня няма.
Раней паведамлялася аб гатоўнасьці бакоў аднавіць спыненьне агню ў Газе. Пасярэднікамі ў перамовах выступаюць Эгіпет і Катар. Умовай для перамоў назвалі адкрыцьцё кантрольнага пункту пропуску на поўдні сэктару Газа. 17 кастрычніка яго адкрылі, але дастаўку гуманітарны=х грузаў празь яго пакуль не пачалі.
Паводле зьвестак Ізраіля, на 17 сьнежня ў закладніках у ХАМАС застаюцца 129 чалавек, у тым ліку 19 жанчын і двое дзяцей.
Падкантрольнае ХАМАС Міністэрства здароўя Газы сьцьвярджае, што за час ізраільскай апэрацыі ў сэктары загінулі больш 18,5 тысячы чалавек, большасьць зь якіх жанчыны і дзеці. Аднак незалежнага пацьвярджэньня гэтых зьвестак няма.