Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя адвакаты нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага падалі пэтыцыю ў Працоўную групу ААН у адвольных затрыманьнях


Алесь Бяляцкі ў судзе. Архіўнае фота
Алесь Бяляцкі ў судзе. Архіўнае фота

Юрысты патрабуюць вызваленьня ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.

Міжнародная юрыдычная група ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, палітзьняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага падала пэтыцыю ў Працоўную групу ААН у адвольных затрыманьнях, спэцыялізаваны экспэртны орган Рады правоў чалавека ААН.

Працоўная група выносіць рашэньні ў справах аб адвольным затрыманьні, якія ацэньваюць, ці адпавядае затрыманьне чалавека міжнародна-праўным абавязаньням дзяржавы. У групу ўваходзяць пяць юрыстаў з розных краін.

Калі затрыманьне чалавека прызнана незаконным, Працоўная група заклікае да яго неадкладнага і безумоўнага вызваленьня.

Джарэд Генсэр, галоўны міжнародны адвакат Бяляцкага, які працуе на грамадзкай аснове, — аўтар кнігі «Працоўная група ААН у адвольных затрыманьнях: камэнтары і кіраўніцтва да практыкі». За сваю кар’еру ён перадаў у Працоўную групу 50 справаў. Хоць мінулы посьпех не гарантуе будучых вынікаў, вядома, што ён ніколі не прайграваў.

Камэнтуючы падачу пэтыцыі ў справе Алеся Бяляцкага Працоўнай групе, Генсэр адзначыў:

«Для мяне вялікі гонар прадстаўляць Алеся Бяляцкага, які цягам дзесяцігодзьдзяў нястомна змагаўся за правы чалавека, дэмакратыю і абарону грамадзянскай прасторы ў Беларусі. Яго выпадак сымбалізуе страх, які беларускі дыктатар Аляксандар Лукашэнка адчувае перад сваім народам, а таксама тое, як сыстэматычна ён абезгалоўлівае кожную рэальную або ўяўную пагрозу свайму праўленьню. Гэты пэрыяд тэрору паказвае баязьлівасьць Лукашэнкі і яго глыбокую слабасьць. Ён, несумненна, баіцца свайго народу. Мы не здамося, пакуль Алесь і ўсе палітвязьні ня будуць вызваленыя».

У прэсавым рэлізе Міжнародная юрыдычная група Алеся Бяляцкага пералічыла аргумэнты юрыдычнага і палітычнага характару:

  • Бяляцкі быў арыштаваны 14 ліпеня 2021 году, калі ішлі «масавыя беспрэцэдэнтныя рэйды і затрыманьні прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасьці». Таксама былі затрыманыя некалькі іншых сяброў і лідэраў «Вясны», праваабарончай арганізацыі, якую заснаваў і ўзначальвае Бяляцкі.
  • Спачатку яго абвінаваціў ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і зьмясьціў пад варту на працяглы тэрмін пракурор, а не судзьдзя, што яўна парушае міжнароднае права.
  • Пазьней падатковыя абвінавачаньні зьнялі і выставілі Бяляцкаму абвінавачаньне ў кантрабандзе і фінансаваньні групавой дзейнасьці, якая груба парушала грамадзкі парадак.
  • З самага пачатку абвінавачваньні былі накіраваныя на ўмяшаньне ў ягоныя правы на свабоду слова і асацыяцый. Цалкам ігнаруючы прэзумпцыю невінаватасьці, падкантрольныя дзяржаве СМІ і сам Лукашэнка публічна прызнавалі Бяляцкага вінаватым.
  • Бяляцкага пратрымалі безь якіх-небудзь юрыдычных падставаў 17 месяцаў, перш чым ён паўстаў перад судом. Акрамя таго, сам працэс быў азмрочаны абуральнымі парушэньнямі належнай праўнай працэдуры.
  • Напрыклад, падчас расьсьледаваньняў было апытана каля 100 сьведкаў, аднак на суд прыйшлі толькі нямногія. Астатніх суд вызваліў ад асабістай яўкі і проста зачытаў іхныя паказаньні падчас сьледзтва, пазбавіўшы Бяляцкага магчымасьці перакрыжаванага допыту.
  • Больш за тое, на працягу ўсяго працэсу Бяляцкага трымалі ў кайданках і прымушалі сядзець у клетцы за мэталічнымі кратамі, а не за сталом з сваім адвакатам, пазбаўляючы яго як доступу да адваката, так і прэзумпцыі невінаватасьці.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

Юрысты прызнаюць, што Бяляцкі і іншыя лідэры «Вясны» былі зьняволеныя «ў адплату за іхную праваабарончую дзейнасьць». Хоць абвінавачаньне сьцьвярджала, што «Вясна» неправамерна выкарыстоўвала грошы, атрыманыя за мяжой, і незаконна працягвала дзейнасьць пасьля роспуску Вярхоўным судом Беларусі, Працоўная група раней вызначыла, што выкарыстаньне рахункаў у замежных банках для фінансаваньня дзейнасьці «Вясны» абаронена артыкулам 22 Крымінальнага кодэксу, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (права на свабоду абʼяднаньняў) і што «крымінальная адказнасьць ня можа быць заснаваная на папярэдніх дзеяньнях ураду ў скасаваньні рэгістрацыі і роспуску „Вясны“», паколькі гэтая акцыя парушыла міжнароднае права.

Юрысты прызнаюць, што абуральныя парушэньні, дапушчаныя судом, дастатковыя, каб прадэманстраваць, што Бяляцкі быў пазбаўлены права на незалежны і бесстароньні суд.

Яны нагадваюць, што на момант суду судзьдзя Марына Запасьнік ужо была пад санкцыямі Эўрапейскага Зьвязу «за шматлікія палітычна матываваныя рашэньні супраць мірных пратэстоўцаў» і «за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі». Пракурор Аляксандар Кароль пазьней трапіў пад санкцыі Эўразьвязу за «шматлікія палітычна матываваныя крымінальныя справы супраць беларускіх праваабаронцаў», уключаючы старшыню «Вясны» Алеся Бяляцкага».

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

XS
SM
MD
LG