Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У доме палітыка Мілінкевіча на Горадзеншчыне прайшоў ператрус


Аляксандар Мілінкевіч. Архіўнае фота
Аляксандар Мілінкевіч. Архіўнае фота

Паводле інфармацыі тэлеканалу «Белсат», цяпер дзьверы ў доме палітыка аплямбаваныя.

Дзьверы ў доме палітыка ў вёсцы Бершты Шчучынскага раёну аплямбаваныя. Аб прычынах ператрусу ці аб тым, што на яго заведзеная крымінальная справа, Аляксандар Мілінкевіч ня ведае.

Сам палітык знаходзіцца за мяжой. Зь верасьня 2023 года Мілінкевіч зьяўляецца пазаштатным дарадцам Ціханоўскай па пытаньнях эўрапейскага выбару Беларусі.

«Гісторыя паўтараецца. Тым больш сёньняшняя неаімпэрская. Акурат 160 год таму губэрнатар Мараўёў-вешацель высяляў за ўдзел у паўстаньні Кастуся Каліноўскага майго прапрадзеда Юрыя і прадзеда Казімера Мілінкевічаў разам з усімі жыхарамі засьценка Зубрава, што служылі стральцамі і асочнікамі пад Берштамі. Маёмасьць аднавяскоўцаў канфіскоўвалі, дамы і зямлю карнікі аддавалі рускім перасяленцам, або палілі.

Старэйшая сястра майго дзядулі бабуля Крысьціна, якая нарадзілася ў 1864 годзе і пражыла амаль 100 гадоў, калі яе пыталі — а што ж за паўстане тады было, за што змагаліся беларусы, з годнасьцю гаварыла: „Яны хацелі справядлівасьці і каб жыць па-прóўдзе“», — сказаў у інтэрвію «Белсату» Аляксандр Мілінкевіч.

Апошнім часам прайшлі дзясяткі ператрусаў у памяшканьнях апазыцыйных палітыкаў, у тым ліку сяброў Каардынацыйнай рады.

28 лістапада адбылася хваля ператрусаў па месцы беларускай рэгістрацыі і ў сваякоў прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі, зьвязаных з КР. Паводле інфармацыі МУС, праведзена больш за 130 ператрусаў, вынесена 145 пастаноў аб арышце маёмасьці.

Сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе ў якасьці падазраваных праходзіць больш за 100 чалавек. Ім інкрымінуюцца ч. 1 арт. 357 («Змова ці іншыя дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады») і ч. 3 арт. 3611 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім») Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG