Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На авіябазе ў Лібіі зьнішчылі вайсковы самалёт Іл-76 — магчыма, расейскі


Самалёт Іл-76, архіўнае фота
Самалёт Іл-76, архіўнае фота

У Лібіі на авіябазе «Аль-Джуфра», якую раней актыўна выкарыстоўвала ПВК «Вагнэр», у выніку атакі бесьпілётніка або ракетнага ўдару быў сур’ёзна пашкоджаны вайскова-транспартны самалёт Іл-76.

Аб здарэньні паведамляюць арабскія і заходнія крыніцы, якія спасылаюцца ў тым ліку на спадарожнікавыя здымкі. Аб пашкоджаньні самалёта паведамляе таксама шэраг расейскіх крыніц.

На здымках відаць, што самалёт, як відаць, гарэў. Ён, мяркуючы з апублікаваных здымкаў, не падлягае аднаўленьню.

Удар быў нанесены 7 сьнежня, шэраг крыніц пішуць, што ўдараў было два (другі — 12 сьнежня). Адказнасьць ніхто на сябе не ўзяў, якіх-небудзь афіцыйных камэнтароў не было.

База зараз у распараджэньні Лібійскай нацыянальнай арміі на чале з генэралам Халіфам Хафтарам. Гэтая групоўка кантралюе ўсходнюю частку краіны. Хафтар супрацоўнічае з Масквой. Шэраг крыніц піша аб Іл-76 як аб «расейскім» самалёце, аднак няма пацьверджанай інфармацыі аб тым, каму менавіта ён належаў.

Раней Пэнтагон выказваў занепакоенасьць у сувязі зь дзеяньнямі ПВК «Вагнэр» у Лібіі.

Паводле выданьня Nova, самалёт прыляцеў у Лівію з расейскай авіябазы ў сырыйскай Латакіі з грузам прылад, прызначаных для радыёэлектроннай барацьбы. Сьцвярджаецца, што гэтыя прылады былі прызначаныя для стваранага расейскімі вайскоўцамі Афрыканскага корпуса, які замест ПВК «Вагнэр» павінен быць разгорнуты ў шэрагу афрыканскіх краін, уключаючы Лібію і Судан. Якіх-небудзь пацьверджаньняў таго, што самалёт сапраўды быў зьвязаны з расейскімі вайскоўцамі, няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG