Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Офіс Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і праваабаронцы папярэдзілі беларусаў пра фэйкавыя рассылкі ад іх імя


Скрыншоты фэйкавых паведамленьняў ад Офісу Ціханоўскай і праваабаронцаў «Вясны»
Скрыншоты фэйкавых паведамленьняў ад Офісу Ціханоўскай і праваабаронцаў «Вясны»

13 сьнежня прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінэт папярэдзілі пра фэйкавыя рассылкі ад іх імя і заклікалі беларусаў не дасылаць свае зьвесткі невядомым. Пра фэйкавыя боты ў Тэлеграме папярэджваюць беларусаў і праваабаронцы «Вясны».

Раніцай 13 сьнежня невядомыя пачалі рассылаць у Тэлеграм паведамленьні быццам ад імя Офісу Сьвятланы Ціханоўскай з заклікам да беларусаў дасылаць ім свае пэрсанальныя зьвесткі для запісу на атрыманьне новага нацыянальнага пашпарта Беларусі.

Кабінэт афіцыйна заявіў, што гэты заклік — фэйк і, імверна, правакацыя ўладаў.

«Па-першае, збор такіх зьвестак калі і пачнецца, то толькі пасьля апублікаваньня афіцыйнай інфармацыі ў сацыяльных сетках Абʼяднанага пераходнага кабінэту Беларусі.

Па-другое, у цяперашні момант зьбіраць зьвесткі беларусаў і ствараць нейкія чэргі на выдачу заўчасна!» — адзначаецца ў паведамленьні АПК.

Таксама ў інтэрнэце зьявіўся Facebook-акаўнт нібыта Абʼяднанага пераходнага кабінэту, але прадстаўнікі Кабінэту таксама заявілі, што ня маюць да яго дачыненьня.

У Офісе Ціханоўскай заклікалі беларусаў сачыць толькі за афіцыйнымі каналамі Кабінэту, Офісу і іх прадстаўніцтва і «не паддавайцца на правакацыі».

Праваабарончы цэнтар «Вясна» таксама паведаміў, што ў Тэлеграме зьявіліся фэйкавыя боты, якія ня маюць дачыненьня да «Вясны».

«Калі ласка, будзьце ўважлівыя пры камунікацыі, карыстайцеся сапраўднымі кантактамі праваабарончага цэнтру. У „Вясны“ існуе адзіны „Вясна-бот“: ніякія астатнія не маюць дачыненьня да арганізацыі. Таксама не былі створаныя асобныя акаўнты для камунікацыі з кампаніяй „Праваабаронцы за свабодныя выбары“» — піша «Вясна» ў сваім тэлеграм-канале.

Раней сілавікі ўжо неаднойчы стваралі фэйкавыя акаўнты розных каналаў дэмакратычных сілаў, пратэставых аб’яднаньняў і незалежных СМІ з мэтай атрыманьня асабістых зьвестак беларусаў, дзякуючы чаму іх пасьля затрымлівалі сілавікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG