Пад абмежаваньні Міністэрства фінансаў і Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША трапілі, у прыватнасьці, былы кіраўнік кампаніі «Мегафон», інвэстар Іван Таўрын і яго кампанія Kismet, а таксама прадпрымальнік Уладзіслаў Сьвіблоў і зьвязаная зь ім Fortiana Holdings Limited.
Сярод тых, хто папоўніў санкцыйныя сьпісы, таксама «Экспобанк», які належыць бізнэсмэну Ігару Кіму.
Пад абмежаваньні трапілі ня толькі расейскія фізычныя асобы і кампаніі, але і структуры ў Кітаі, Турэччыне і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Мэта гэтых захадаў, як падкрэсьліваюць улады ЗША, перашкодзіць абыходу Расеяй санкцыяў, аказаць уплыў на яе энэргетычны патэнцыял, банкі, мэталюргічны і горназдабыўны сэктары.
«Крэмль мэтанакіравана перастаўляе эканоміку Расеі на ваенныя рэйкі, але ваенная машына Пуціна ня можа выжыць толькі за кошт унутранай вытворчасьці», — падкрэсьлівае міністар фінансаў ЗША Джанэт Элен. Паводле яе, сёньняшнія санкцыі ўзмацняюць кантроль над пастаўнікамі і сеткамі з трэціх краін, якія даюць Расеі неабходныя ёй рэсурсы.
«Мы працягнем выкарыстоўваць наяўныя ў нас інструмэнты для прыцягненьня да адказнасьці за злачынствы Расеі ва Ўкраіне і тых, хто фінансуе і падтрымлівае расейскую ваенную машыну», — цытуе Reuters дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена.
Аб новым узмацненьні жорсткасьці абмежаваньняў абвешчана падчас візыту ў ЗША 11–12 сьнежня прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
Аб пашырэньні санкцыйнага сьпісу для Расеі 12 сьнежня таксама абʼявілі ўлады Канады, уключыўшы ў яго яшчэ 30 фізычных асобаў.