Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская наведае Бэльгію для ўдзелу ў пасяджэньнях кіраўнікоў МЗС краін Эўразьвязу і кансультатыўнай групы ЭЗ — Беларусь


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Візыт Ціханоўскай заплянаваны на 10–13 сьнежня.

У першы дзень Сьвятлана Ціханоўская сустрэнецца зь вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу ў зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэпам Бурэлем і выступіць перад міністрамі замежных спраў краін Эўразьвязу, паведаміў «Позірку» галоўны дарадца беларускай дэмакратычнай лідэркі Франак Вячорка.

Ціханоўская будзе гаварыць аб палітзьняволеных, псэўдавыбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы ў лютым 2024 году, неабходнасьці павышаць эфэктыўнасьць санкцый супраць рэжыму, аб адказнасьці Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў, эўрапейскай будучыні Беларусі.

У праграме другога дня — перамовы з прэзыдэнтам бэльгійскага сэнату Стэфані Д’Хасэ, прэм’ер-міністрам рэгіёну Фляндрыя Янам Ямбонам, міністрам замежных спраў Швэцыі Тобіясам Більстрамам.

Галоўнай тэмай перамоваў з прэзыдэнтам сэнату стане «выкраданьне ўкраінскіх дзяцей, якое зьдзяйсьняюць рэжым Лукашэнкі і Расея». З прэм’ер-міністрам Фляндрыі, які раней даў у Брусэлі памяшканьне для місіі дэмакратычнай Беларусі, абмяркуюць пытаньні падтрымкі дэмакратычнага руху. Тэматыка сустрэчы Ціханоўскай і Більстрама — разьвіцьцё беларуска-швэдзкага партнэрства і пляны на 2024 год, у тым ліку правядзеньне сумеснай канфэрэнцыі па Беларусі.

У трэці дзень, 12 сьнежня, у офісе Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў (ЭСЗД) пройдзе пасяджэньне кансультатыўнай групы ЭЗ — Беларусь. Яго адкрыюць Ціханоўская і кіроўны дырэктар ЭСЗД па Ўсходняй Эўропе, Расеі, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальным супрацоўніцтве і АБСЭ Міхаэль Зібэрт.

Бакі абмяркуюць палітычную сытуацыю ў Беларусі, становішча палітзьняволеных, а таксама выклікі, зь якімі сутыкаюцца беларуская грамадзянская супольнасьць і СМІ ў краіне і ў выгнаньні.

Затым Ціханоўская адправіцца з Брусэлю ў Гент, дзе выступіць зь лекцыяй пра Беларусь у мясцовым унівэрсытэце і адкажа на пытаньні аўдыторыі. У праграме візыту таксама сустрэча з кіраўніцтвам ВНУ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG