Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 35 гадоў трагічна загінуў вядомы экс-фрыстайліст і трэнэр зборнай Беларусі Максім Гусьцік


Максім Гусьцік, архіўнае фота 2016 году
Максім Гусьцік, архіўнае фота 2016 году

Трагічна загінуў старшы трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі ў фрыстайле Максім Гусьцік, яму было 35 гадоў, піша спартовае выданьне «Трыбуна».

Пра заўчасную сьмерць Максіма Гусьціка паведаміла і прэс-служба Міністэрства спорту і турызму Беларусі, не называючы яе прычынаў.

Паводле інфармацыі «Трыбуны», Максім Гусьцік загінуў у выніку ДТЗ: у ноч з 8 на 9 сьнежня ў Менску яго зьбіў аўтамабіль. Варта адзначыць, што «ДАІ» па Менску раней паведаміла пра гібель 35-гадовага пешахода, які каля 1:30 ночы выйшаў на дарогу ў раёне станцыі мэтро «Пушкінская».

Беларускі фрыстайліст Максім Гусьцік не аднойчы станавіўся прызэрам прэстыжных спаборніцтваў.

У 2006 і 2007 гадах Максім Гусьцік выйграў моладзевыя чэмпіянаты сьвету. У 2015 годзе ён стаў бронзавым прызэрам чэмпіянату сьвету ў акрабатыцы. На этапах Кубку сьвету атрымаў дзьве перамогі, чатыры разы заваёўваў срэбра і тройчы — бронзу. Таксама Гусьцік узяў удзел у Алімпійскіх гульнях 2018 і 2022 гадоў: у 2018-м у індывідуальных скачках ён заняў 22-е месца, а праз чатыры гады аказаўся 20-м.

Завяршыўшы кар'еру ў якасьці спартоўца, Гусьцік застаўся ў спорце ў якасці трэнэра: цягам некалькіх гадоў ён трэніраваў нацыянальную зборную Беларусі ў фрыстайле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG