Вадзім Александровіч нарадзіўся ў Менску 25 лістапада 1963 году ў сям’і інжынэраў. Скончыў Беларускі тэатральна-мастакі інстытут (цяпер Акадэмія).
У сярэдзіне 1980-х гадоў стаў адным з заснавальнікаў менскага моладзевага клюбу «Талака», які спрычніўся да пачатку новай хвалі беларускага нацыянальнага адраджэньня. Быў у ліку некалькіх дзясяткаў правадзейных сябраў «Талакі».
Вадзім Александровіч быў удзельнікам усіх найважнейшых падзеяў беларускага грамадзка-палітычнага жыцьця сярэдзіны 80-х — пачатку 90-х гадоў, у тым ліку, Вальных Соймаў беларускіх суполак у 1987 і 1988 гадах, першых і другіх Дзядоў у 1988 і 1989 гадах, талакоўскіх ральлі па Дзьвіне і Прыпяці, устаноўчага сходу «Мартыралёгу Беларусі» і аргкамітэту БНФ 19 кастрычніка 1989 году і іншых.
Быў грэка-каталіцкім вернікам і актывістам хрысьціянска-дэмакратычнага руху.
Працаваў журналістам газэты «Белорусы и рынок». У 2006 годзе пасьля разгону намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску сядзеў у турме.
Актыўны слухач Радыё Свабода і ўдзельнік нашых перадач, чытач сайту Свабоды і сацыяльных сетак.
Разьвітаньне з Вадзімам Александровічам адбудзецца 9 сьнежня а 12-й гадзіне ў крэматорыі на Паўночных могілках.