У незалежнага журналіста Барыса Вырвіча прайшоў ператрус
Па месцы жыхарства незалежнага журналіста і былога шэф-рэдактара парталу 6ТV.bу Барыса Вырвіча ў Бялыніцкім раёне прайшоў вобшук, паведамляе «Вясна». У выніку канфіскавалі ўсю тэхніку і мабільныя тэлефоны, Барыса адвезьлі на допыт, але потым адпусьцілі. Пры затрыманьні журналіста ня білі, але ўзялі жорстка, адзначаюць праваабаронцы.
Магчыма, дзеяньні сілавікаў зьвязаныя з парталам «6TV Bielarus», які рашэньнем КДБ ад 5 сьнежня быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». У рашэньні фігуруюць прозьвішчы людзей, нібыта датычных да праекту: Салаўёў Дзьмітры Віктаравіч, Лапцэвіч Уладзімер Пятровіч, Буракоў Аляксандар Уладзімеравіч.
У глыбоцкай кватэры журналіста Зьмітра Лупача прайшоў ператрус
Па словах відавочцаў, 6 сьнежня пасьля абеду ў кватэру журналіста Зьмітра Лупача пачалі званіць супрацоўнікі міліцыі. Пераканаўшыся, што ўнутры нікога няма, яны выклікалі «ратавальнікаў» МНС, якія выламалі дзьверы. Празь некаторы час міліцыянты зьехалі, а кватэру журналіста апячаталі, паведамляе БАЖ.
«У кватэры няма нічога асаблівага. Калі толькі засталіся дарагія мне рэчы, у тым ліку кнігі. Ня ведаю, ці знайшлі яны сярод іх што-небудзь „экстрэмісцкае“. Каштоўнай маёмасьці накшталт дарагой бытавой тэхнікі, футра і брыльянтаў, у нас ніколі не было, таму зламысьнікам там браць асабліва няма чаго», — пракамэнтаваў ператрус журналіст, які цяпер жыве ў Варшаве.
Паводле яго, у апошнія два месяцы ён атрымліваў у Telegram правакацыйныя пасты і нават пагрозы ад незнаёмца пад нікам «Міхаіл Раманаў». Той пісаў, каб журналіст «перастаў займацца глупствам» і, «пакуль яшчэ не перайшоў рысу», зьвяртаўся ў камісію па вяртаньні, каяўся і прыяжджаў у Беларусь. За «пакаяньне» нехта «Міхаіл Раманаў» паабяцаў журналісту «амністыю».
Глыбоцкага журналіста-фрылансэра Зьмітра Лупача некалькі разоў затрымлівалі пасьля 2020 году. Непасрэдна перад ад’ездам за мяжу ў ліпені 2021 году яго затрымалі на трое сутак у рамках крымінальнай справы, заведзенай нібыта па факце «распальваньня міжнацыянальнай варожасьці». З тых часоў кватэра журналіста ў Глыбокім стаяла замкнутай, у ёй ніхто ня жыў.
Жыхарку Ліды аштрафавалі за падабайку лягатыпу ў суполцы Reform.by, якой няма
23 лістапада судзьдзя суду Лідзкага раёну Горадзенскай вобласьці вынесла прысуд лідзянцы за тое, што яна паставіла «клас» лягатыпу «Навіны Беларусі» ад Reform.by у «Аднаклясьніках». У яе адабралі тэлефон і пакаралі штрафам у 1110 рублёў.
У судовым рашэньні сьцьвярджаецца, што лягатып нібыта ўнесены ў «рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Выданьне Reform.by тлумачыць, што гэта ня так. У сьпіс унесьлі інфармацыйную прадукцыю групы ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» з назвай «Навіны Беларусі ад Reform.by», якая мае ідэнтыфікатар https://ok.ru/reformby. Такое рашэньне прыняў суд Сьветлагорскага раёну Гомельскай вобласьці 3 красавіка 2023 году.
Рэдакцыя Reform.by у той жа дзень выдаліла старонку https://ok.ru/reformby — яе не існуе. У гэтым можна ўпэўніцца, калі націснуць спасылку.
Якое дачыненьне «лягатып» мае да інфармацыйнай прадукцыі няіснай групы, у рашэньні суду Лідзкага раёну не ўдакладняецца.
Жыхара Віцебску затрымалі за «абразу прадстаўнікоў улады»
Паводле сілавікоў, на тэлеграм-канал якіх спасылаюцца праваабаронцы, 32-гадовы Раман Дудкін нібыта «разьмясьціў мноства камэнтароў, якія зьмяшчаюць абразы Лукашэнкі і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з выкарыстаньнем ненарматыўнай лексыкі».
Сьцьвярджаецца, што супраць яго распачалі шэраг крымінальных спраў.
У Барысаве затрымалі пэнсіянэрку Натальлю Лаўрову
Жанчыну 1962 года нараджэньня выклікалі ў РАУС яшчэ 2 сьнежня, але на волю дагэтуль яна ня выйшла.
Работніцу мёрскай лякарні аштрафавалі за распаўсюд «экстрэмізму»
Судзьдзя суду Мёрскага раёну Ірына Яскевіч 22 лістапада за падпіску ў сацыяльных сетках на «экстрэмісцкі» інфармацыйны рэсурс пакарала штрафам у памеры 740 рублёў работніцу мёрскай лякарні Алену Шук, піша «Віцебская вясна».
Былога палітвязьня затрымалі ў новай крымінальнай справе
Аляксандар Жук — фігурант так званай «справы карагодаў», якая тычыцца акцыі пратэсту 13 верасьня 2020 года ў Берасьці. Палітвязьню прызначылі 1,5 года «хіміі», якія ён цалкам адбыў і выйшаў на волю 23 ліпеня 2022 году.
Як паведамляе «Берасьцейская вясна», сёньня праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, у якім Аляксандар «прызнаецца» ва ўдзеле ў пратэстах 10 жніўня 2020 году — ён нібыта «стаяў першым шэрагу ў счэпцы па вуліцы Савецкай і выкрыкваў розныя пратэставыя лёзунгі».
Міліцыянты затрымалі дырэктара парфумэрнай кампаніі і ягоную дзяўчыну за ўдзел у акцыях пратэсту
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманай парай, піша «Медиазона».
У роліку беларус кажа, што працуе дырэктарам кампаніі па вытворчасьці парфумы. Паведамляе, што некалькі разоў наведваў «масавыя шэсьці» і затрыманы праз падазрэньне ў парушэньні парадку.
Ягоная дзяўчына расказала, што яе затрымалі за ўдзел у мітынгах і за данаты ў ByPol. У якім статусе знаходзяцца затрыманыя і паводле якога артыкулу іх абвінавачваюць, невядома.