Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАК ня стаў мяняць умовы допуску беларускіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў


Штаб Міжнароднага алімпійскага камітэту ў Лязане, архіўнае фота
Штаб Міжнароднага алімпійскага камітэту ў Лязане, архіўнае фота

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) не зьмяніў умовы допуску спартоўцаў зь беларускімі і расейскімі пашпартамі да міжнародных спаборніцтваў.

Такое рашэньне прынялі па выніках 12-га Алімпійскага саміту ў Лязане (Швайцарыя) 5 сьнежня, гаворыцца ў прэс-рэлізе МАК па выніках саміту.

На саміце адзначалася, што беларускія і расейскія спартоўцы выступалі на шматлікіх спаборніцтвах у нэўтральным статусе пры строгіх умовах допуску, і амаль усе спаборніцтвы прайшлі без інцыдэнтаў. У той жа час МАК пацьвердзіў, што ўдзел нэўтральных спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях магчымы толькі пры выкананьні дзейных строгіх умоваў.

«Ні сыстэма кваліфікацый, распрацаваная адпаведнымі міжнароднымі фэдэрацыямі, ні колькасьць выдадзеных квотаў для відаў спорту ня зьменяцца для індывідуальных нэўтральных спартоўцаў з расейскім або беларускім пашпартам», — гаворыцца ў камюніке.

У прэс-рэлізе таксама паведамляецца, што ўдзельнікі саміту віталі рэзалюцыю ААН «Пабудова мірнага і лепшага сьвету праз спорт і алімпійскі ідэал», падчас абмеркаваньня якой Расея рэзка раскрытыкавала пазыцыю алімпійскага руху адносна абмежаваньняў для спартоўцаў з расейскім ці беларускім пашпартам. Па выніках дэбатаў рэзалюцыю ўхвалілі пераважнай большасьцю з 118 дзяржаваў-чальцоў, за яе адмовіліся галасаваць толькі Расея і Сырыя.

  • У сакавіку Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па розных відах спорту дапусьціць беларусаў і расейцаў да ўдзелу ў спаборніцтвах у нэўтральным статусе, бязь сьцяга і гімна, а таксама пры выкананьні шэрагу ўмоваў (што спртоўцы не падтрымлівалі вайну ва Ўкраіне і ня маюць кантрактаў з вайсковымі арганізацыямі, нацыянальнымі службамі бясьпекі і інш.) У той жа час права канчатковага рашэньня МАК перадаў фэдэрацыям у асобных відах спорту.
  • У шэрагу відаў спорту вяртаньне расейскіх і беларускіх спартоўцаў, нават з умовай адмовы ад сьцяга і гімна, выклікаў рашучыя пратэсты ўкраінскіх спартовых уладаў, якія заклікалі да байкоту такіх турніраў. Ва Ўкраіне спачатку выдалі закон аб забароне сваім атлетам выступаць на адных спаборніцтвах са спартоўцамі дзьвюх краін, але затым зьмякчылі гэтыя абмежаваньні.
  • Некаторыя фэдэрацыі (напрыклад, лёгкай атлетыкі ці біятлёну) нягледзячы на рэкамэндацыі, па-ранейшаму не дапускаюць да спаборніцтваў беларусаў і расейцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG