Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалеўскі заявіў пра падрыхтоўку ЗША новага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі


Валер Кавалеўскі
Валер Кавалеўскі

Прадстаўнік Аб‘яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі, які прысутнічаў на слуханьнях «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі» ў Кангрэсе ЗША, паведаміў пра падрыхтоўку новай вэрсіі Акту аб дэмакратыі, сувэрэнітэце і правах чалавека ў Беларусі.

«Чакаецца, што неўзабаве гэты законапраект будзе ўнесены. Наколькі вядома, ён будзе больш усеабдымным і больш жорсткім датычна сытуацыі, з больш канкрэтнымі рэкамэндацыямі датычна выканаўчай улады і што ўрад Злучаных Штатаў можа зрабіць, каб паўплываць на сытуацыю ў Беларусі» — паведаміў Валер Кавалеўскі пасьля заканчэньня слуханьняў.

Таксама ён нагадаў, што ў сераду 6 сьнежня пачнецца першы дзень беларускага-амэрыканскага стратэгічнага дыялёгу.

5 сьнежня дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская 5 сьнежня ўзяла ўдзел у слуханьнях «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі», якія арганізаваў падкамітэт у справах Эўропы камітэту міжнародных зносін Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Падчас слуханьняў абмяркоўвалі палітыку ЗША ў дачыненьні Беларусі, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, дапамогу грамадзянскай супольнасьці.

5 сьнежня ЗША пашырылі санкцыі адносна Беларусі: у санкцыйны сьпіс унесьлі 8 фізычных асобаў і 11 кампаніяў.

Што гаворыцца ў «Акце аб дэмакратыі ў Беларусі», прынятым Кангрэсам ЗША ў 2020 годзе

Амэрыканскі акт аб дэмакратыі ў Беларусі:

  • заклікае да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў;
  • прызнае Каардынацыйную раду, створаную з ініцыятывы экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у якасьці легітымнага інстытуту для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады;
  • заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных;
  • падтрымлівае імкненьне беларускага народу да свабоды веравызнаньня;
  • прадугледжвае аказаньне дапамогі ў прасоўваньні дэмакратыі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці;
  • недвухсэнсоўна заяўляе пра палітыку ЗША ў справе «непрызнаньня ўключэньня Беларусі ў „саюзную дзяржаву“ з Расеяй»;
  • заклікае да распрацаваньня стратэгіі ЗША ў справе разьвіцьця тэле- і радыёперадаваньня, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
  • прадугледжвае падтрымку беларускіх СМІ і IT-сэктару.

Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША

Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.

На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.

Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.

Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:

  • палітычных лідэраў;
  • прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
  • незалежных журналістаў;
  • праваабаронцаў;
  • юрыстаў;
  • лідэраў прафсаюзаў;
  • навукоўцаў.

Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».

Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.

На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.

Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.

У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG