Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт Лукашэнкі ў Пэкін выглядае раптоўным і надзвычайным. Што здарылася?


Старшыня КНР Сі Цзіньпін і Аляксандар Лукашэнка на цырымоніі сустрэчы ў Пэкіне, 4 сьнежня 2023 г.
Старшыня КНР Сі Цзіньпін і Аляксандар Лукашэнка на цырымоніі сустрэчы ў Пэкіне, 4 сьнежня 2023 г.

Раптоўны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай выглядае даволі дзіўным, надзвычайным. Ніхто нават не спрабуе рабіць выгляд, што ён плянаваўся загадзя.

Наадварот, сам Лукашэнка падчас перамоваў са старшынём КНР Сі Цзіньпінам ускосна пацьвердзіў гэта, падзякаваўшы кітайскаму лідэру «за апэратыўнасьць».

Сьцісла:

  • Здарылася нейкая неспадзяванка, нешта непрыемнае, што запатрабавала неадкладнай новай сустрэчы на найвышэйшым узроўні.
  • Лукашэнка не наведваў трэці форум «Адзін пояс — адзін шлях», які прайшоў у Пэкіне 17-18 кастрычніка.
  • Праекты ў беларуска-кітайскіх дачыненьнях пастаўленыя на паўзу.
  • Дасюль стратэгія Кітая адносна Беларусі грунтавалася на тым, што беларуская тэрыторыя разглядалася як транспартны хаб, транзытны мост у Эўропу. Але ў выніку вострага канфлікту Беларусі з ЭЗ, заходніх санкцый свой транзытны статус краіна ў значнай меры страціла.

Сёлета гэта ўжо другі візыт Лукашэнкі ў Кітай. Першы раз ён быў там з 28 лютага па 2 сакавіка. Каб цягам аднаго году двойчы наведваць Кітай — такога ў практыцы беларуска-кітайскіх адносін яшчэ не здаралася. Гэта прыкмета таго, што адбылося нешта нечаканае, непрыемнае і ўзьнікла вострая патрэба ў неадкладнай новай сустрэчы на найвышэйшым узроўні.

Падчас цяперашніх перамоваў у Пэкіне абодва бакі шмат ухвальных слоў сказалі пра кітайскі праект «Адзін пояс — адзін шлях». Ён, акрамя чыста эканамічных, лягістычных чыньнікаў, зьяўляецца спробай Пэкіна стварыць геапалітычную альтэрнатыву Захаду. Кіраўніцтва Беларусі актыўна падтрымлівае ідэю будаўніцтва альтэрнатыўных Захаду міжнародных інстытутаў, намагаецца ўступіць у ШАС і БРІКС. Таму гэты праект рэалізуецца якраз у рэчышчы такога замежнапалітычнага канструкту. Аднак на трэці форум «Адзін пояс — адзін шлях», які адбыўся ў Пэкіне 17-18 кастрычніка, Лукашэнка не прыехаў. Хоць там зьбіраліся лідэры ўсіх краін, якія прэтэндуюць на саюзьніцкія ці асаблівыя дачыненьні з Кітаем. Не паехаў туды нават міністар замежных спраў Беларусі. Наагул не было ніякай інфармацыі аб прысутнасьці высокіх беларускіх прадстаўнікоў на гэтым форуме. І гэта быў красамоўны сыгнал, што ў беларуска-кітайскіх адносінах нешта ня так.

29 лістапада Лукашэнка на чале дэлегацыі паляцеў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты на сусьветны кліматычны форум. Напярэдадні, 27 лістапада, ён правёў нараду, на якой абмяркоўвалася праграма знаходжаньня ў Дубаі, дэталі візыту.

Цікава, што падчас гэтай нарады Лукашэнка згадаў кітайскую тэму. Паводле ягонай прэсавай службы, ён папрасіў праінфармаваць і аб сытуацыі ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем: «Вельмі важная для нас краіна. Натуральна, шмат пытаньняў, якія ўрад павінен быў „разруліць“, калі можна так сказаць, у адносінах з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Што плянавалі, што зрабілі, чаго не зрабілі».

Такім чынам, з гэтай рэплікі можна зрабіць высновы, што, па-першае, у адносінах з Кітаем «шмат пытаньняў»; па-другое, іх павінен «разруліць» урад; па-трэцяе, ніякай гаворкі пра магчымы візыт самога Лукашэнкі не было.

Што тычыцца паездкі ў Эміраты, то Лукашэнка часта туды лятае, любіць там адпачываць. Нельга выключаць, што і цяпер у яго былі пляны затрымацца ў гэтай краіне. Тым больш што кліматычны форум будзе праходзіць цягам двух тыдняў.

Аднак раптам ён перапыняе візыт у Эміраты і тэрмінова ляціць у Пэкін. З гэтага можна зрабіць выснову, што беларускі бок прасіў аб сустрэчы на найвышэйшым узроўні. Бо, мяркуючы па ўсім, спрэчныя пытаньні ў двухбаковых адносінах нельга вырашыць на ўзроўні ўраду. Відаць, нарэшце ў працоўным графіку Сі Цзіньпіна знайшлася фортка і Лукашэнку запрасілі прыехаць. Ён усё кінуў і паляцеў. І падчас перамоваў не забыўся аддзячыць старшыні КНР за сам факт сустрэчы і за апэратыўнасьць.

Калі ацэньваць публічную частку перамоваў, то з тых узаемных камплімэнтаў у адрас адзін аднаго і двухбаковых адносін цяжка знайсьці згадку аб праблемах. Хіба што варта зьвярнуць увагу на словы Лукашэнкі: «Мы не знайшлі ніводнага пытаньня, у якім бы не было руху. Адзінае пытаньне, якое я хацеў бы з вамі абмеркаваць сёньня, — гэта хуткасьць». З гэтага можна зрабіць выснову, што праекты ў беларуска-кітайскіх дачыненьнях пастаўленыя на паўзу.

Дасюль стратэгія Кітая адносна Беларусі грунтавалася на тым, што беларуская тэрыторыя разглядалася як транспартны хаб, транзытны мост у Эўропу. Паводле дадзеных за 2019 год, празь Беларусь праходзіла больш за 80% усіх чыгуначных перавозак паміж Эўразьвязам і Кітаем. Але ў выніку вострага канфлікту Беларусі з ЭЗ, заходніх санкцый свой транзытны статус краіна ў значнай меры страціла. Паводле ацэнкі эканаміста Льва Львоўскага, абарачэньне грузаў празь Беларусь зьменшылася прыкладна на 40% у параўнаньні з 2021 годам. І праблема абвастраецца. Назіраецца ступар на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай межах, стаіць пытаньне пра іх поўнае перакрыцьцё. Кітай гэтым не задаволены.

Аднак праблема канфлікту ў адносінах Беларусі з ЭЗ сёньня невырашальная. Незразумела, што тут Лукашэнка мог паабяцаць Сі Цзіньпіну.

Яшчэ цікавы момант. Паводле агенцтва Сіньхуа, старшыня КНР і Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Пэкіне абмяркоўвалі «ўкраінскае пытаньне». Аднак беларускія дзяржаўныя мэдыя пра гэта не згадалі. Бо ў такім далікатным пытаньні негалосна прысутнічае чыньнік Расеі.

Варта таксама адзначыць, што сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай прысутнічаў на працоўным абедзе бацькі зь Сі Цзіньпінам як паўнавартасны чалец беларускай дэлегацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG