Як паведамляюць СМІ, нападнік — нарадзінец Францыі і ісламіст па поглядах. Суботнім вечарам ён забіў нямецкага турыста нажом, піша dpa.
Трагічнае здарэньне адбылося каля Эйфелевай вежы ўвечары 2 сьнежня, пацьвердзіў міністар унутраных спраў Жэральд Дарманін на сацыяльнай плятформе X.
Яшчэ два чалавекі атрымалі раненьні ў выніку нападу. Падчас візыту на месца злачынства Дарманін сказаў, што злачынца быў вядомы спэцслужбам сваім радыкальным ісламізмам і «значнымі псыхічнымі разладамі», пра гэта ён заявіў на тэлеканале BFMTV.
Паведамляецца, што затрыманы ўжо быў прысуджаны да 4 гадоў пазбаўленьня волі ў 2016 годзе пасьля няўдалага пляну нападу.
Прэм’ер-міністарка Францыі Элізабэт Борн напісала на X: «Мы не паддамося тэрарызму. Ніколі».
Нацыянальная антытэрарыстычная пракуратура адзначыла, што будзе разглядаць гэтае трагічнае здарэньне як тэрарыстычны напад. Нападнік нацэліўся на «пару нямецкіх турыстаў» на мосьце. Жанчына не атрымала цялесных пашкоджаньняў, але была ў шокавым стане, сказаў Дарманін. Мужчына атрымаў удары ў сьпіну і плячо і ў яго спынілася сэрца, паведамляе француская газэта Le Parisien са спасылкай на паліцыю.
Затым зламысьнік уцёк і напаў на двух іншых чалавек, перш чым быў затрыманы паліцыяй. Меркаваны злачынец пасьля арышту заявіў, што больш ня можа цярпець гібелі мусульман як у Афганістане, так і ў Палестыне. Мужчына лічыць, што Францыя ўдзельнічала ў вайне Ізраілю ў сэктары Газа і хацеў памерці як пакутнік.
Le Parisien паведамляе, што падазраваны злачынца сказаў, што прысягаў на вернасьць тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава».