Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адхіліў хадайніцтва Трампа аб спыненьні крымінальнай справы супраць яго на падставе прэзыдэнцкага імунітэту


Выступ Трампа на мітынгу, пасьля якога яго прыхільнікі пайшлі штурмаваць Белы дом, 6 студзеня 2021 году
Выступ Трампа на мітынгу, пасьля якога яго прыхільнікі пайшлі штурмаваць Белы дом, 6 студзеня 2021 году

Суд адхіліў хадайніцтва былога прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб спыненьні крымінальнай справы аб ягонай ролі ў штурме Капітолія на падставе прэзыдэнцкага імунітэту. З пастановай суда азнаёмілася агенцтва Associated Press.

Раней Вярхоўны суд ЗША пастанавіў, што прэзыдэнты маюць імунітэт да грамадзянскай адказнасьці за дзеяньні, зьвязаныя зь іх службовымі абавязкамі. Аднак пытаньне аб імунітэце да крымінальнага перасьледу ніколі не ўздымалася.

У сваёй пастанове судзьдзя Таня Чуткан напісала, што «былыя прэзыдэнты ня маюць асаблівых умоваў пры прыцягненьні да фэдэральнай крымінальнай адказнасьці» за «любыя злачынныя дзеяньні, учыненыя падчас знаходжаньня на пасадзе».

Адвакаты спрабавалі даказаць, што абвінавачаньне парушае права былога прэзыдэнта на свабоду слова, спасылаючыся на Першую папраўку да Канстытуцыі ЗША. Адвакаты сьцьвярджалі, што Трамп меў права аспрэчваць вынікі выбараў і сьцьвярджаць, што яны былі сфальсыфікаваныя. На гэта Чуткан адзначыла, што папраўка не абараняе «прамову, якая выкарыстоўваецца ў якасьці прылады злачынства».

«Адказчык перасьледуецца ня проста за тое, што зрабіў ілжывыя заявы... а хутчэй за тое, што сьвядома рабіў ілжывыя заявы ў падтрымку злачыннай змовы і перашкаджаў выбарчаму працэсу», — напісала Чуткан.

У той жа дзень калегія Апэляцыйнага суда ЗША пастанавіла, што Трампа можна прыцягнуць і да грамадзянскай адказнасьці за ягоную ролю ў штурме Капітолія ў студзені 2021 году. Такое рашэньне калегія вынесла ў сувязі з пазовамі дэпутатаў і паліцыянтаў, якія сьцьвярджаюць, што Трамп «стварыў пагрозу іх жыцьцю», «падбухторваючы» сваіх прыхільнікаў да беспарадкаў.

Пасьля працяглага разгляду судзьдзі прыйшлі да высновы, што выступ Трампа на мітынгу выходзіў за межы ягоных прэзыдэнцкіх абавязкаў — у тым выпадку ён дзейнічаў як кандыдат, а не як прэзыдэнт. Пры гэтым судзьдзі пакінулі Трампу магчымасьць і надалей спрабаваць даказаць свой імунітэт. Ён можа абскардзіць рашэньне ў Вярхоўным судзе ЗША.

  • Супраць Трампа, які зьбіраецца зноў удзельнічаць у выбарах прэзыдэнта ЗША ў 2024 годзе, завялі ўжо чатыры крымінальныя справы. Ні па адной зь іх віну Трамп не прызнае.
  • Зыходзячы з апошніх апытаньняў амэрыканцаў, Трамп — патэнцыйны пераможца праймэрыз Рэспубліканскай партыі. У гэтым выпадку ён будзе змагацца за пасаду прэзыдэнта ЗША зь верагодным кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэнам і некалькімі самавылучэнцамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG