Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрвіс знаёмстваў, AI-дарадца і медыяагрэгатар. Сузаснавальнік плятформы «Новая Беларусь» расказаў пра пляны на 2024 год


Мабільная праграма «Новая Беларусь»
Мабільная праграма «Новая Беларусь»

Віртуальнай плятформе «Новая Беларусь» споўніўся год. Улады Беларусі менш як празь месяц пасьля прэзэнтацыі плятформы прызналі яе «экстрэмісцкай».

1 сьнежня 2023 года сузаснавальнік праекту Павал Лібер на прэс-сьняданку ў варшаўскім бары GiGi распавёў, чаго атрымалася дасягнуць за год і якія пляны ў каманды на будучыню, паведамляе Reform.by.

Асноўныя вынікі першага году працы «Новай Беларусі», у фактах і лічбах

  • Паводле Паўла Лібера, агулам зафіксавалі 58 тысяч карыстальнікаў экасыстэмы «Новая Беларусь», каля 33 тысяч чалавек выкарыстоўвалі непасрэдна мабільную праграму. Асаблівую цікавасьць беларусаў выклікала мэдыцынская плятформа для анлайн-кансультацый, ёй актыўна карысталіся як па-за межамі Беларусі, так і ўнутры краіны.
  • У пілётным праекце па зборы сродкаў праз дабрачынны падатак пры падачы дэклярацыі ў Польшчы і Літве прынялі ўдзел 250 чалавек, у выніку «Новая Беларусь» атрымала на свой рахунак 42 тысячы эўра. Удзельнікі вырашылі патраціць сабраныя грошы на Беларускую бібліятэку ў Літве і англамоўны партал па гісторыі Беларусі.
  • За год «Новая Беларусь» дапамагла ў правядзеньні 7 беларускіх фэстываляў і стварэньні «Культурнай мапы», прасоўвала супольнасьці.

Яшчэ адным вынікам гадавой працы, паводле Паўла Лібера, стала «цьвярозае ўспрыманьне рэальнасьці», у параўнаньні з бачаньнем праекту яго аўтарамі на старце, і прызнаньне памылак. Паводле Лібера, каманда дакладна не сфармулявала канцэпцыю праекту, і заява, што гэта будзе «лічбавая дзяржава», хутчэй адпудзіла патэнцыйных удзельнікаў. Аўтары таксама не чакалі, што беларусы настолькі стаміліся ад грамадзка-палітычнага парадку дня. Прызнае Лібер і праблемы з камунікацыяй: шырокая аўдыторыя проста не змагла даведацца пра магчымасьці плятформы.

Што плянуецца ў 2024 годзе

  • Ужо ў студзені запусьцяць так званы мэдыяагрэгатар «Новая Беларусь». Ён пабудаваны на штучным інтэлекце і будзе агрэгаваць беларускія, мясцовыя і сусьветныя мэдыя. Ён будзе ўмець зьбіраць навіны ў сюжэты, выбіраць важныя, фільтраваць у залежнасьці ад наладаў карыстальніка і перакладаць на зручную для карыстальніка мову.
  • Таксама плянуюць запусьціць сэрвіс арганізацыі івэнтаў. Мяркуецца, што там будзе ананімная рэгістрацыя, мінімальная камісія на квіткі, інтэграцыя з Apple Wallet, інтэрактыўная карта падзей і супольнасьць для абмеркаваньня івэнтаў.
  • Распрацоўваецца ідэя стварэньня сэрвісу бясплатных парадаў з працоўнай назвай «AI-Барадзед». Штучны інтэлект зможа даваць кансультацыі па легалізацыі ў асноўных краінах пражываньня беларусаў. І ня толькі. Пры гэтым, паводле Паўла Лібера, інфармацыя будзе заўсёды актуальнай, у адрозьненьне ад статычных гайдаў на сайтах іншых ініцыятываў, таму што AI будзе зьбіраць яе ў рэжыме анлайн з афіцыйных крыніц.
  • Зьявяцца сэрвісы сацыяльных знаёмстваў — для ўстанаўленьня сацыяльных сувязяў і для пошуку бізнэс-партнэраў.
  • Віртуальны палітычны офіс. Гаворка ідзе пра стандартны набор опцыяў для арганізацыі ўзаемадзеяньня любой арганізацыі або ініцыятывы з патэнцыяльнымі партнэрамі і аўдыторыяй: зваротная сувязь, навіны, грамадзкія абмеркаваньні, расклад мерапрыемстваў і наведваньняў.

«Мы па-ранейшаму ня будзем зьбіраць пэрсанальныя дадзеныя нашых карыстальнікаў, каб пазьбегнуць уцечак. І мы працягнем удасканальваць нашы сыстэмы асабістай бясьпекі», — дадаў падчас прэс-сьняданку Павал Лібер.

Каб адсьвяткаваць першы дзень народзінаў праекту «Новая Беларусь», яго заснавальнікі арганізавалі Гастрафэст. Фэстываль беларускай гастракультуры ўжо пачаўся і працягнецца да 10 сьнежня ў трох краінах і пяці гарадах: Варшаве, Гданьску, Познані, Тбілісі і Вільні. У ім бяруць удзел 11 беларускіх бараў, кавярняў і рэстарацыяў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG