Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На гарадзенскага журналіста і праваабаронцу Ўладзімера Хільмановіча завялі крымінальную справу


Праваабаронцам стала вядома, што 1 сьнежня сілавікі прыходзілі зь ператрусам да жонкі беларускага гісторыка, журналіста і праваабаронцы Ўладзімера Хільмановіча. Супраць яго завялі крымінальную справу.

Справу завялі па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэксу (Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Фігуруюць частка 1 (Вэрбаваньне, іншае ўцягваньне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасьць, навучаньне, іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і частка 2 згаданага артыкулу (Тыя ж дзеяньні, зьдзейсьненыя паўторна, або групай асобаў па папярэдняй змове, або з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў), паведамляе «Гарадзенская праваабаронца».

Па гэтым артыкуле Хільмановічу пагражае да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

Уладзімер Хільмановіч ужо два з паловай гады не жыве ў Беларусі.

1 сьнежня ў кватэры жонкі Хільмановіча, дзе ён жыў з 2014-га па 2021 год, правялі ператрус. У выніку ператрусу забралі працэсар кампутара, старое пасьведчаньне (відаць, журналісцкае), 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, розныя канвэрты, паштоўкі, буклеты, значкі, шматлікія газэты. Таксама апісалі ўсю бытавую тэхніку (тэлевізар, лядоўню, пральную машыну).

Тыдзень таму ў кватэры па месцы яго прапіскі апісалі мэблю і старую лядоўню паводле пастановы накладаньня арышту на маёмасьць.

Уладзімер Хільмановіч — беларускі гісторык, журналіст, праваабаронца, грамадзкі дзяяч. Адзін з заснавальнікаў першай у Заходняй Беларусі моладзевай грамадзкай арганізацыі «Заходне-Беларускае згуртаваньне моладзі» (1989). Стаяў ля вытокаў стварэньня Горадзенскай асацыяцыі маладых навукоўцаў «Віт» (1995), Горадзенскага рэгіянальнага цэнтру інфармацыйнай падтрымкі грамадзкіх ініцыятываў «Трэці сэктар» (1996) і інш. З 2002 году сябра праваабарончага цэнтру «Вясна».

Сябра БАЖ і Міжнароднай асацыяцыі журналістаў, Асацыяцыі спартыўнай прэсы Беларусі. Друкаваўся ў газэтах «Літаратура і мастацтва», «Гродзенская праўда», «Футбол Беларуси», «Прессбол», «Пагоня», «Наша Ніва», «Биржа информации» і інш. З 2004 году друкуецца ў беластоцкай газэце «Ніва» і на інтэрнэт-сайтах, з 2008 году вядзе перадачы на «Радыё Рацыя».

  • Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, на цяперашні момант у зьняволеньні застаецца 31 прадстаўнік беларускіх мэдыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG