Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС анансавала меры, якія павінны не дапусьціць новай спробы «каляровай» рэвалюцыі ў 2024 годзе


Генадзь Казакевіч
Генадзь Казакевіч

Намесьнік міністра ўнутраных справаў — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч на калегіі МУС заявіў, што органы ўнутраных справаў ужо прымаюць захады для «супрацьдзеяньня экстрэмізму» падчас выбарчага пэрыяду 2024 году. Гаворка пра так званы адзіны дзень галасаваньня.

«Выбарчая кампанія 2020 году і спроба «каляровай» рэвалюцыі карэнным чынам зьмяніла нашы падыходы да аховы грамадзкага парадку і барацьбы са злачыннасьцю. Сытуацыя дынамічна мяняецца, зьяўляюцца новыя выклікі і пагрозы», — сказаў Казакевіч.

Спробаю «каляровай» рэвалюцыі Казакевіч называе мірныя пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе, калі людзі выходзілі выказваць нязгоду з фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Падчас пратэстаў Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з супрацоўнікамі праваахоўных органаў і заявіў, што «часам не да законаў». Многія экспэрты ацанілі ягоныя словы як дазвол сілавікам парушаць законы.

Каб выключыць падобныя сытуацыі ў 2024 годзе, МУС прадугледжвае комплекс захадаў. Як паведамляе прэс-служба міністэрства, яны накіраваныя, сярод іншага, на зьніжэньне ўплыву так званых экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў на грамадзкую сьвядомасьць. Органы міліцыі маюць намер «тлумачыць ініцыятывы, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі, з прыцягненьнем папулярных СМІ, лідэраў грамадзкай думкі».

«Сярод важных задач – вызначэньне і прыцягненьне да адказнасьці асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмізму, перш за ўсё адміністратараў і актывістаў дэструктыўных сеткавых рэсурсаў, атрыманьне інфармацыі, якая дазволіць прагназаваць разьвіцьцё абстаноўкі як унутры краіны, так і за яе межамі», — заявіў Казакевіч.

Цяпер у сьпісе «экстрэмісцкіх фармаваньняў» 157 пазыцыяў, у тым ліку 20 СМІ:

  • інфармацыйная кампанія БелаПАН (№ 10, рашэньне аб уключэньні прынята 1 лістапада 2021 году),
  • тэлеканал «Белсат» (№ 12; 3 лістапада 2021),
  • Радыё Свабода (№ 24; 23 снежня 2021),
  • «Наша ніва» (№ 31; 14 студзеня 2022),
  • тэлеграм-канал «Бабруйск Online» (№ 38; 22 лютага 2022),
  • сайт «Флагшток» (№ 54; 29 красавіка 2022),
  • інтэрнэт-часопіс kyky.org (№ 56; 6 траўня 2022),
  • «Честная газета» (№ 59; 20 траўня 2022),
  • «Еўрарадыё» (№ 75; 20 ліпеня 2022),
  • сайт «Хартыя’97» (№ 84; 30 жніўня 2022),
  • сайт Hrodna.life (№ 99; 11 лістапада 2022),
  • самвыдавецкія «Вестники» (№ 107; 9 сьнежня 2022),
  • «Маланка.Media» (№ 116; 15 лютага 2023),
  • «Брестская газета» (№ 120, 28 лютага 2023),
  • сайт «MOST» (№ 128, 17 траўня 2023),
  • сайт homeldays.org («Гомель штодзень», № 131, 23 траўня 2023),
  • тэлеграм-канал Insider (№ 132, 29 траўня 2023),
  • сайт zerkalo.io («Зеркало», № 135, 9 чэрвеня 2023),
  • тэлекампанія «Ранак», Сьветлагорск (№ 146, 5 верасьня 2023),
  • сайт ex-press.live, Барысаў (№ 156, 24 кастрычніка 2023).

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG