Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці хацеў Лукашэнка ўцякаць ад Пуціна праз Варшаву. Гутарка з аўтарам сэнсацыйнай кнігі


Зьбігнеў Парафяновіч. Каляж
Зьбігнеў Парафяновіч. Каляж

Лукашэнка разглядаў магчымасьць уцячы праз Варшаву на самым пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. А польскія ўлады разглядалі беларускую дыяспару як патэнцыйных дывэрсантаў у тыле беларускай арміі, калі б тая напала на Ўкраіну разам з расейскай.

Пра гэта піша журналіст выданьня Dziennik. Gazeta Prawna Зьбігнеў Парафяновіч у сваёй кнізе «Польшча на вайне», якая нядаўна выйшла ў Польшчы. У ёй аўтар прыводзіць невядомыя факты і паказвае кулісы перамоваў у першыя дні поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне.

Парафяновіч прыводзіць словы высокапастаўленых асобаў польскай дзяржавы. Ад іх ён даведаўся, што ўлады Польшчы суправаджалі ўкраінскую дэлегацыю на перамовы з расейцамі ў Беларусі. Менавіта тады, як сьцьвярджае крыніца Парафяновіча, беларускі бок спрабаваў даведацца, ці паспрыяла б Польшча Лукашэнку, калі б той хацеў уцячы зь Беларусі.

— Інфармацыя пра спробы Лукашэнкі даведацца пра магчымасьць уцёкаў праз Варшаву прагучала настолькі сэнсацыйна, што складана ў такое паверыць. Усё ж разьбярэмся: ён сам рабіў такі запыт, ягонае бліжэйшае атачэньне ці нехта з шараговых чыноўнікаў? І ў якой форме гэта адбывалася?

— Крыніцы, зь якімі я размаўляў, сьцьвярджаюць, што на пачатку вайны, калі Пуцін ціснуў на Лукашэнку, каб выкарыстаць Узброеныя сілы Беларусі для атакі на Ўкраіну, ня сам Лукашэнка, а ягоныя людзі спрабавалі даведацца, ці магчыма выкарыстаць адзін з аэрапортаў Польшчы, калі давядзецца эвакуавацца зь Беларусі. Гэта ня так, што ён сам пазваніў нейкаму польскаму палітыку і спытаў, ці можна яму вылецець кудысьці з Варшавы. Відавочна, што такія рэчы такім чынам ня робяцца.

Мае крыніцы не раскрывалі канал, якім ён камунікаваў з польскім бокам. Але, як вы памятаеце, пэрыяд лютага—сакавіка 2022 году быў вельмі гарачым, гэта тычыцца адносінаў і з украінцамі, і з польскім бокам. Украінцы заставаліся зь ім у кантакце, каб стрымліваць яго ад удзелу беларускіх брыгадаў у нападзе на Ўкраіну. А польскі бок камунікаваў зь ім, каб у Беларусі маглі прызямляцца польскія гелікоптэры Blackhawk, на якіх у Беларусь прыляталі на перамовы ўкраінцы. Як я разумею, дзесьці пры нагодзе была спроба даведацца пра польскія аэрадромы, калі б Пуцін вырашыў памяняць Лукашэнку на кагосьці больш пакорлівага што да просьбаў і пагрозаў Крамля. Як і кожны іншы дыктатар, Лукашэнка баязьлівец. Тое, што ён бегаў з АК-47 у 2020 годзе, не азначае, што гэта адважны чалавек. Калі нехта надзявае форму, то гэта яшчэ ня значыць, што ён робіцца ваяром. Ён такі адважны, што кідае ў турму Пачобута, іншых журналістаў або беларускіх актывістаў. Яго адвага бачная ў тым, як ён перасьледуе сьмелых беларускіх журналістак, якіх судзяць у клетках.

Папраўдзе ён выдатна разумее, што ягоны лёс, прынамсі на першым этапе вайны, залежаў ад Пуціна. Зразумела, што дынаміка яго адносінаў з Пуціным непастаянная. Яна мяняецца. Пасьля путчу Прыгожына яго рэйтынг у адносінах з Пуціным вырас, бо ён ізноў стаў патрэбным Пуціну. Але на пачатку вайны, пакуль Пуцін не зразумеў, што ён ня ў стане выйграць сухаземную вайну і захапіць Кіеў, Харкаў ці іншы вялікі горад, то ўсё было кепска. Адсюль і разьлікі Лукашэнкі. Згадайце, як загінуў Прыгожын. Ад стрэлу сыстэмы «Бук». Лукашэнка цудоўна разумеў, што Беларусь пад поўным кантролем расейскай проціпаветранай абароны. З тэрыторыі Беларусі запускалі расейскія балістычныя і манэўровыя снарады. Над Беларусьсю ляталі два МіГі-31 з «Кінжаламі». Ён выдатна разумеў, што бяз згоды Пуціна паветраная прастора Беларусі для яго зачыненая. Ён, вядома ж, мог лятаць трасаю Менск — Масква або ў Пецярбург. Але пра палёты ў нечаканым для расейцаў кірунку не магло быць і гаворкі. Таму, як і кожнаму дыктатару з баязьлівай натурай, яму быў патрэбны варыянт уцёкаў. А каб уцячы ў Афрыку, Кітай або Вэнэсуэлу, яму спачатку трэба трапіць па зямлі зь Беларусі ў Літву ці Польшчу.

Вы, пэўна ж, памятаеце чуткі пра ягоную сьмерць, пра ягоны стан здароўя, што ён памёр. Чуткі пра вельмі кепскі фізычны стан пацьвярджалі яго вельмі слабую пазыцыю. Кожная інфармацыя, якая датычыць здароўя лідэраў такога тыпу, як Лукашэнка, Пуцін ці Кадыраў, — гэта заўсёды спроба даведацца ў ягоным атачэньні, што адбылося б, калі б асоба № 1 мела нейкія праблемы. Часткова гэта робіцца, каб даведацца пра стаўленьне паплечнікаў дыктатара, але найперш задача ў тым, каб зьнізіць ранг дыктатара, які ня можа эфэктыўна кіраваць сыстэмай і рэпрэсіямі. Таму вэрсія маіх суразмоўцаў гучыць вельмі надзейна, хоць без дэталяў, хто і як у гэтым удзельнічаў. Але гэта вэрсія цалкам рэальная.

— А як на гэта адрэагаваў польскі бок? Ці быў нейкі адказ?

— Мае крыніцы прасілі мяне, каб пэўныя дэталі ня сталі вядомыя грамадзкасьці. І я мусіў гэта ўлічыць. Пытаньне далікатнае, таму ў кнізе гэта пададзена складана, крыніцы ананімныя. Некаторыя рэчы былі настолькі канфідэнцыйнымі, што яны не маглі быць апублікаваныя. Яны датычаць і міграцыйнага крызісу, і справы Пачобута, усяго таго, што вымагае ад нас адказнасьці падчас камунікацыі з чытачом.

— Вы згадалі, што гэтая спроба дазнацца ў палякаў пра магчымасьць эвакуацыі адбывалася тады, калі Пуцін націскаў на Лукашэнку, вымагаючы ўваходу ва Ўкраіну. То бок гучалі патрабаваньні, каб беларуская армія далучылася да агрэсіі? У Расеі хапае насельніцтва, навошта ім малая Беларусь?

— Вы можаце казаць, што яна малая, але Беларусь разьмешчаная ў стратэгічна важным месцы. Гэта дзяржава, высунутая клінам у бок NATO. Менавіта таму Пуцін намагаецца ператварыць Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі ў вайсковую акругу Расейскай Фэдэрацыі. Калі глыбей задумацца, то мы ня ведаем, што запісана ў вайсковых дамоўленасьцях паміж Лукашэнкам і Пуціным наконт таго, як армія кіруецца і ці ёю надалей кіруюць беларусы. Мы ня ведаем, навошта беларускія самалёты Су-25 абсталяваныя для нясеньня ядзернай зброі.

Гэта аналізуюць найлепшыя паліталягічныя розумы сьвету. Можам толькі здагадвацца, што Пуцін спрабуе дамагчыся фактычна вайсковай анэксіі Беларусі, каб выкарыстоўваюць яе вайсковую інфраструктуру ў ваенных мэтах. Менавіта дзеля гэтага ў Беларусі застаюцца элемэнты пост-групы «Вагнэра». Гэта робіцца, каб навучыць беларускую армію весьці рэальныя баявыя дзеяньні. Бо з часоў вайны ў Афганістане беларусы ня ўдзельнічалі ў вайсковых канфліктах. А гэта былі часы СССР.

Думаю, што расейскі бок разумее, у якім стане знаходзіцца беларуская армія пад кіраўніцтвам Лукашэнкі. І наступнае пытаньне — а якія настроі пануюць у беларускай арміі і ці хацела б яна браць удзел у вайне супраць Украіны. У Беларусі Ўкраіну не ўспрымаюць як варожую дзяржаву. Тое, што Лукашэнка ідзе на брудную супрацу з Пуціным, яшчэ ня значыць, што сярэднестатыстычны беларускі салдат успрымае Ўкраіну як дзяржаву, якая нясе пагрозу. Гэта абсурд і складаная псыхалягічная праблема для Пуціна, які ўспрымае Беларусь як патэнцыйны кавалак для анэксіі. Тут ёсьць шмат пытальнікаў. Што сталася б, калі б Лукашэнка прыняў рашэньне выкарыстаць беларускае войска супраць Украіны? Ці не атрымалася б так, што войска яго не паслухала б? І тады сытуацыя для яго была б значна горшай, чым захаваньне пэўнага балянсу паміж украінцамі і Пуціным. Адзін з тэзісаў кажа, што ён ня выкарыстаў армію менавіта з гэтай прычыны — ён баяўся раздаць зброю і амуніцыю, каб гэта не абярнулася супраць яго.

Мы ведаем лёгіку, паводле якой Лукашэнка будуе апарат бясьпекі. Ён робіць стаўку на такія адзінкі, як «Алмаз», на спэцназ МУС. Калі мы паглядзім, каго вучылі вагнэраўцы і цяпер вучаць «пост-вагнэраўцы», то гэта вельмі часта аналягі ўкраінскага «Беркуту», адзінкі, якія служаць для задушэньня пратэстаў, а ня Ўзброеныя сілы. Бо нават Лукашэнка ня ўпэўнены ў настроях у беларускай арміі, у тым, як павялі б сябе салдаты, калі б ён мусіў прыняць нейкае радыкальнае рашэньне наконт Украіны. Хоць ён можа шмат казаць, выступаць як вялікі палкаводзец гэтай арміі. Незалежна ад таго, наколькі непараўнальная была сытуацыя Януковіча і Лукашэнкі, Януковіч прайграў на тым, як ён кантраляваў сілавыя структуры ў 2014 годзе. Тады адбылася вядомая нарада, калі ён спытаў генэралаў, ці падтрымаюць яны расправу Майдану, усе сказалі, што так, але ў выніку ніхто не падтрымаў. Паветрана-дэсантная адзінка, якая ехала з тагачаснага Днепрапятроўску ў Кіеў, не даехала ў выніку аварыі цягніка. Ня выключана, што тое самае адбылося б і ў Беларусі, што не зьявіліся б нейкія неакрэсьленыя абставіны, якія не спрыяюць выкарыстаньню арміі на загад дыктатара.

— Днямі лідэр кіроўнай партыі Ўкраіны «Слуга народу» Давід Арахамія расказаў пра зьмест тэлефонных перамоваў паміж Уладзімірам Зяленскім і Аляксандрам Лукашэнкам увечары першага дня вайны. Нібыта Лукашэнка сказаў, што ён ня можа зрабіць так, каб празь Беларусь не заходзілі расейскія войскі, але абяцае, што беларуская армія ня ўвойдзе ва Ўкраіну. Як вы думаеце, ці магло такое быць, зыходзячы з вашых ведаў?

— Гэта менавіта тое, пра што мы размаўлялі. У Лукашэнкі не было ўпэўненасьці, як сябе павядзе армія пасьля загаду напасьці на Ўкраіну. Адсюль, як я разумею, ціск Расеі наконт зьмены сыстэмы камандаваньня беларускай арміі. Усе гэтыя перамовы паміж Шайгу і беларускім бокам зводзяцца да таго, каб беларуская армія функцыянавала як саюзьніцкі кампанэнт і каб ёю фактычна кіравалі расейцы. У размове, якую вы згадалі, ішлося пра тое, што Лукашэнка мог ня ведаць пра напад зь беларускага боку. Памятаю сваю размову некалькі гадоў таму, задоўга да вайны, з адным з былых супрацоўнікаў сілавых структураў Беларусі, які сказаў наўпрост, што Пуцін можа і не пытацца ў Лукашэнкі пра такі дазвол і што яму не патрэбная згода на напад зь беларускай тэрыторыі. Скажу шчыра, што 24–25 лютага я ўзгадваў гэтыя словы як прарочыя. Лукашэнка сапраўды апынуўся ў вельмі нецікавай сытуацыі зь лютага 2020 году і дакуль гэтая вайна не пачала быць для Пуціна прайграным наступам. Бо ў сухаземным вымярэньні, нягледзячы ні на што, Пуцін ва Ўкраіне зганьбіўся.

— У кнізе вы ўзгадваеце візыты ўкраінскай дэлегацыі ў Беларусь, на мірныя перамовы з расейцамі. Яны прыляталі на польскіх гелікоптэрах, у суправаджэньні прадстаўніка ўраду Міхала Дворчыка. Польшча ўжо тады была ворагам нумар адзін для прапаганды Лукашэнкі. Якая была атмасфэра гэтых візытаў?

— Мае суразмоўцы ўспамінаюць, што пісьмовая згода на прызямленьне польскіх гелікоптэраў у Беларусі выдавалася ў апошнюю хвіліну. Гэта было даволі праблематычна. Бо калі машыны выляталі з Польшчы, нічога не было зразумела. Нібыта паміж палітыкамі была згода, што можна ляцець, але нельга было выключыць інцыдэнтаў з гелікоптэрам. Той факт, што пісьмовая згода выдавалася, сьведчыць, што неафіцыйныя каналы сувязі паміж Польшчай і Беларусьсю існавалі і існуюць. Гэта мэханізмы, захаваныя для вырашэньня найважнейшых пытаньняў.

Але нельга не сказаць, што з польскага боку да Лукашэнкі нулявы ўзровень даверу. Ад моманту міграцыйнага крызісу ён успрымаецца як асоба цалкам скампрамэтаваная, якая, на жаль, разам з Пуціным ударыла па Польшчы пры дапамозе мігрантаў. Але ўсе тры краіны — Польшча, Украіна і Беларусь — былі ў той момант зацікаўленыя даць шанец дээскаляцыі таго, што пачалося 24 лютага. Таму ў інтарэсе ўсіх бакоў было беспраблемнае перамяшчэньне ўкраінскай дэлегацыі, у тым ліку міністра Рэзьнікава, у Беларусь і прызямленьне ў Беларусі з польскім экіпажам і міністрам на борце. Гэта быў ключавы інтарэс, і беларускі бок у апошні момант выдаў гэтыя дазволы на паперы.

— Варшава фактычна даведалася пра пачатак вайны дзякуючы таму, што ў Беларусі напярэдадні нападу на Ўкраіну заглух радыёсыгнал расейскіх войскаў?

Польскі бок зразумеў, што ўварваньне пачнецца і зь беларускага боку. Бо і на беларускім баку сувязь паміж расейскімі адзінкамі спынілася. Гэта тыповая дэталь, якая сьведчыць, што неўзабаве пачнуцца актыўныя баявыя дзеяньні, а ўсе загады былі аддадзеныя без прыладаў прыёму-перадачы сыгналу.

— У кнізе ёсьць словы польскага палітыка з атачэньня прэзыдэнта Дуды, які кажа, што калі б Беларусь далучылася да вайны, былі ідэі выкарыстаць беларускую дыяспару ў тыле арміі, каб праводзіць шкодніцкую дзейнасьць. Як вы самі гэта разумееце?

— Польскі бок, мае суразмоўцы, ясна далі зразумець, што ў сілавых структурах Беларусі ёсьць асяродкі, якія нэгатыўна ставяцца да Лукашэнкі. Мы гэта бачылі на прыкладзе дывэрсіяў на чыгунцы. Але ёсьць таксама асяродкі ў Польшчы, прадстаўленыя полкам Каліноўскага, якія разумеюць, што ўладу ў Беларусі нельга зьмяніць толькі мірнымі пратэстамі. Гэта, магчыма, гучыць жорстка, але польскі бок глядзіць з пэўным недаверам на асяродкі, якія разглядаюць сілавы варыянт. Ёсьць шмат прычынаў, напрыклад інфільтрацыя з боку КДБ, у атачэньні гэтых асяродкаў могуць быць самыя розныя людзі. Але ў першыя дні вайны, калі сапраўды разглядаўся сцэнар патэнцыйнага нападу з боку Беларусі, асноўным пытаньнем было, ці далучыцца да вайны Беларусь, ці стане чарговай краінай. І тады разглядаўся варыянт выкарыстаньня міграцыйных асяродкаў, каб ствараць зь іх групы, якія маглі б дзейнічаць у тыле арміі, якая атакуе з поўначы разам з Расеяй. Але з тых размоваў, якія я правёў, у мяне складваецца ўражаньне, што гэта быў даволі тэарэтычны варыянт, гіпатэтычнае разважаньне: а што было б, калі б...

Не ішлося пра выкарыстаньне нейкіх канкрэтных арганізацыяў. Я думаю, што моцныя сувязі паміж дзяржавай і беларускімі вайсковымі адзінкамі — ва Ўкраіне. Гэта полк Каліноўскага, які браў удзел у абароне Бахмуту. І ўкраінскі бок сапраўды разглядае гэтыя беларускія фармаваньні як патэнцыйны фактар у беларускай палітыцы, калі ў нейкі момант рэжым Лукашэнкі пачне хістацца. Гэта фармаваньне, якое было ў баі, набралася адвагі ў Бахмуце. Нейкі падобны стыль мысьленьня быў і ў Польшчы, але, на маю думку, на высокім узроўні абстракцыі. Гэта ўсё было вельмі тэарэтычна, не датычыла нейкіх канкрэтных арганізацыяў. Гэта хутчэй была формула, якую трэба было выкарыстаць, калі б беларусы далучыліся да вайны.

— Ці ўдасца Лукашэнку палепшыць адносіны з Польшчай пасьля ўступленьня на пасаду новага ўраду і прэм’ера?

— Думкі тут падзеленыя. Я спрабаваў зразумець пазыцыю элітаў «Грамадзянскай плятформы», якая неўзабаве атрымае ўладу. Частка, зьвязаная з будучымі сілавымі структурамі, перакананая, што Лукашэнка паспрабуе тэставаць новы ўрад міграцыйным крызісам. Захоча паглядзець на рэакцыю новага ўраду — як ён сябе павядзе пасьля ўзмацненьня крызісу на мяжы. Але ёсьць іншыя галасы. Мой калега журналіст Міхал Патоцкі, магчыма, адзін з найлепшых знаўцаў беларускай палітыкі ў Польшчы, лічыць, што адбудзецца адліга, спробы гуляць Пачобутам, што Лукашэнка захоча патаргавацца польскім журналістам, каб размарозіць адносіны. Але эліты Лукашэнкі павінны разумець, што няглядзечы на тое, як кепска ўспрымае Сікорскага цяперашняя ўлада ў Польшчы, пасьля выбараў 2010 году і сытуацыі зь Някляевым ён разумее, што зь іншага боку бязьлітасны гулец. Думаю, яго ня ўдасца лёгка абдурыць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG