Рыская дума ўхваліла прысваеньне аднаму з гарадзкіх сквэраў імя беларускага асьветніка і першадрукара Францішка Скарыны, паведамляе «Позірк» са спасылкай на партал самакіраваньня сталіцы Латвіі.
На карысьць такога рашэньня прагаласавалі 50 з 60 дэпутатаў думы, двое ня ўдзельнічалі ў галасаваньні, 8 адсутнічалі на пасяджэньні.
Ініцыятарамі зьмен назвы сквэру выступілі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Латвіі Андрыс Вілкс, прадстаўнікі беларускай дыяспары Вячка Целеш і Дзяніс Давыдаў. Раней назву ўхваліў Камітэт разьвіцьця гораду Рыгі.
28 лістапада дэмакратычная лідарка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з мэрам Рыгі Вілнісам Кірсісам. Яны, сярод іншага, абмеркавалі варыянты «ўпарадкаваньня сквэра» і магчымасьць прыцягненьня да абмеркаваньня яго рэканструкцыі прадстаўнікоў беларускай дыяспары, у прыватнасьці, мастакоў, якія змаглі б «прапанаваць свае праекты».
Таксама падчас сустрэчы Ціханоўская і мэр Рыгі абмеркавалі арганізацыю супольных культурных мерапрыемстваў і выставаў у розных музэях горада, каб прыцягнуць увагу латвійцаў да сытуацыі ў Беларусі.