Паведамленьні аб гібелі генэрала зьявіліся ў тэлеграм-каналах напярэдадні. Іх пацьвердзілі ў Міжрэгіянальнай грамадзкай арганізацыі выпускнікоў Маскоўскай вышэйшай вайсковай каманднай вучэльні імя Вярхоўнага Савету РСФСР «Крэмль». У паведамленьні гаворыцца, што Завадзкі загінуў 28 лістапада.
Завадзкі, як сьцьвярджаецца, быў намесьнікам камандзіра 14-га вайсковага корпусу. Раней ён камандаваў гвардзейскай танкавай Кантэміраўскай дывізіяй.
Украінскае агенцтва «УНІАН», тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ» і шэраг расейскіх праваенных сайтаў сьцьвярджаюць, што Завадзкі падарваўся на міне.
Як адзначаюць «Важные истории», гэта сёмы вайсковец такога рангу, гібель якога на вайне ва Ўкраіне пацьвердзілі расейскія крыніцы. Агулам у СМІ зьяўляліся паведамленьні аб гібелі на вайне 12 расейскіх генэралаў. Мінабароны Расеі не пацьвярджае і не абвяргае такіх паведамленьняў.
Да Завадзкага апошнім загінулым генэралам быў Алег Цокаў, забіты, як мяркуецца, пры ўдары па камандным пункце 58-й арміі ў падкантрольным Расеі Бярдзянску.