Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхара Казахстану асудзілі на 6 гадоў, бо ваяваў супраць Украіны ў складзе ПВК «Вагнэр»


У Казахстане 34-гадовы жыхар пасёлка Топар Карагандзінскай вобласьці Аляксей Шомпалаў асуджаны на 6 гадоў і 8 месяцаў пазбаўленьня волі за ўдзел у вайне Расеі супраць Украіны.

Шомпалаў ваяваў на баку Расеі ў складзе ПВК «Вагнэр». Суды абедзьвюх інстанцыяў прызналі яго вінаватым у «найміцтве», прыгаварыўшы таксама да канфіскацыі грашовых сродкаў у памеры больш за 205 тысяч рублёў (каля 2300 даляраў у эквіваленце), якія суд палічыў сродкамі, здабытымі злачынным шляхам.

Як паведамілі казаскай службе РС Радыё Азаттык у абласным судзе, вырак ужо набыў законную моц. 15 лістапада апэляцыйная інстанцыя пакінула прысуд бязь зьмены.

Рашэньнем суду Шомпалаў прызнаны вінаватым і асуджаны «за ўчыненьне цяжкага крымінальнага правапарушэньня супраць міру і бясьпекі чалавецтва». Суд кваліфікаваў яго дзеяньні як дачыненьне да ваенных апэрацыяў, «накіраваных на зрынаньне або падрыў канстытуцыйнага ладу або парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы».

Сам Шомпалаў прасіў суд прызначыць яму пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Паводле інфармацыі суду, Шомпалаў лічыўся беспрацоўным. Паведамляецца, што ён прызнаў сваю віну і раскаяўся. У судзе ён казаў, што меў патрэбу ў грошах.

  • Казахстан лічыцца блізкім эканамічным і ваенным саюзьнікам Масквы, які мае агульны ўчастак мяжы з Расеяй працягласьцю сем з паловай тысячаў кілямэтраў. Нягледзячы на расейскае ўварваньне ва Ўкраіну Астана падтрымлівае з Масквой трывалыя сувязі. Лідэры дзьвюх краінаў пэрыядычна сустракаюцца і ўдзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах.
  • Казахстан уваходзіць у лік 32-х дзяржаў, якія ў лютым гэтага года ўстрымаліся пры галасаваньні па рэзалюцыі ААН, якая заклікае да неадкладнага спыненьня ўварваньня арміі РФ ва Ўкраіну і вываду з украінскай тэрыторыі ўсіх расейскіх войскаў.
  • Пры гэтым у кастрычніку 2023 года стала вядома, што Казахстан абмежаваў экспарт у Расею тавараў, якія могуць быць выкарыстаныя ў ваенных мэтах. Захад заклікаў суседнія з Расеяй краіны выконваць санкцыі супраць Масквы — у сувязі зь яе агрэсіяй у адносінах да Украіны. Дэвід O’Саліван, спэцыяльны пасланьнік ЭЗ па пытаньнях выкананьня санкцыяў, заявіў 28 лістапада, наведваючы Астану, што Казахстан значна зьнізіў рээкспарт у Расею тавараў падвойнага прызначэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG