Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 пацярпелых у выніку 2 аварый з удзелам маршруткі і аўтобуса ўчора. Сёньня ў Беларусі аб'явілі аранжавы ўзровень небясьпекі


24 лістапада ў Калінкавіцкім раёне перакулілася маршрутка, а ў Гарадоцкім раёне сутыкнуліся турыстычны аўтобус і фура.

А 21-й гадзіне 24 лістапада на 108-м кілямэтры аўтадарогі Р-31 «Бабруйск — Мазыр — мяжа Ўкраіны» 60-гадовы кіроўца не ўлічыў умоваў надвор’я і стан праезнай часткі і зьехаў у кювэт, дзе маршрутка перакулілася на бок, паведамілі ў абласной Дзяржаўтаінспэкцыі.

У салёне знаходзілася 10 чалавек, сем зь іх атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці, іх даставілі ў бальніцу. Адна з пацярпелых — непаўналетняя.

Каля вёскі Вархі Гарадоцкага раёну сутыкнуліся турыстычны аўтобус і фура. У аўтобусе знаходзіліся 26 чалавек, зь іх два кіроўцы, паведамляе МНС. Пасажыры пакінулі аўтобус самастойна, кіроўцу спатрэбілася дапамога ратавальнікаў.

Шэсьць пасажыраў і аднаго з кіроўцаў даставілі ў бальніцу Віцебска.

Агулам за мінулы дзень на дарогах Беларусі адбылося 15 дарожна-транспартных здарэньняў, у якіх 3 чалавекі загінулі і 17 атрымалі траўмы, паведамілі БЕЛТА у МУС.


На 25 лістапада ў Беларусі аб'явілі аранжавы ўзровень небясьпекі з прычыны галалёдзіцы, паведамляе Белгідрамет. МНС Беларусі таксама папярэджвае пра неспрыяльныя ўмовы надвор'я ў сувязі з галалёдзіцай і называе фактары небясьпекі — цяжкасьць руху транспарту, павелічэньне верагоднасьці ўзьнікненьня дарожна-транспартных здарэньняў, павышэньне рызыкі траўматызму.

У сувязі са складанымі ўмовамі надвор'я Дзяржаўтаінспэкцыя задзейнічае дадатковыя нарады ДПС.

25 лістапада ў Беларусі чакаецца пераважна воблачнае надворʼе, часам сьнег, днём па поўдні з мокрым сьнегам. На дарогах галалёдзіца. Вецер заходні, паўднёва-заходні 5–10 м/с, тэмпэратура паветра -4, +2°С.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG