Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіўся сайт, прысьвечаны беларускай народнай вышыўцы і людзям, якія яе ствараюць. Ёсьць і гатовыя схемы


Скрыншот тытульнай старонкі сайту праекту viecnasc.art
Скрыншот тытульнай старонкі сайту праекту viecnasc.art

Праект «Сучасная вечнасьць. Вышыўка і людзі, якія яе ствараюць» аб’ядноўвае аматараў вышыўкі і гісторыі беларускага строю з розных куткоў сьвету.

На сайце праекту viecnasc.art зьбіраюць базу майстрых, якія працуюць зь беларускім нацыянальным касьцюмам і могуць навучыць валодаць іголкай і пяльцамі ўсіх ахвотных. Праект цікавы як для навічкоў, якія хочуць паглыбіцца ў сьвет народнай вышыўкі, так і для майстрых, каб расказаць пра сябе і падзяліцца ўменьнямі, піша «Наша Ніва».

Яго стварыла Аляксандра Куркова, заснавальніца ювэлірнага брэнду Belaruskicry, які стаў вядомы дзякуючы кулёнам з абрысамі Беларусі. Рыхтуючы новую калекцыю, натхнёную нацыянальным беларускім арнамэнтам, Аляксандра і яе каманда паглыбіліся ў вывучэньне старажытных сымбаляў, размаўлялі з этнографамі і сучаснымі майстрыхамі вышыўкі, і неўзабаве вывучэньне ўзораў перарасло ў новы праект.

«Шмат суайчыньнікаў, якія робяць клясныя і важныя рэчы, раскіданыя па ўсім сьвеце, і няма пэўнага месца, дзе іх можна сабраць. Таму мы вырашылі абʼяднаць іх на нашым рэсурсе», — расказала выданьню Аляксандра.

Цяпер у бібліятэцы сайта ўжо ёсьць акаўнты сямі беларускіх майстрых, дзе сабраныя іх гісторыі, узоры працаў, спасылкі на асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках, а таксама гатовыя схемы вышыўкі, створаныя майстрыхамі. Чакаецца, што хутка на сайце зьявяцца старонкі іншых майстроў.

«Гэта жывы рэсурс, куды чалавек можа адправіць сваю заяўку і такім чынам трапіць у базу майстроў, у якіх можна павучыцца, купіць беларускую сымболіку або даведацца што-небудзь пра яе», — гаворыцца на сайце.

Каб навічкам было зручней спасьцігаць рамяство, Аляксандра плянуе запусьціць прыгожыя падарункавыя каробкі з усім неабходным для вышыўкі (іголкамі, канвой, пяльцамі), а таксама пашырыць колькасьць прапанаваных на сайце схемаў.

«Я думаю, што вышыўка — гэта наша беларуская мэдытацыя, толькі яна яшчэ і з сэнсам, бо праца застаецца ў цябе на руках, з тваёй энэргіяй», — кажа Аляксандра Куркова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG