Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нікога з «чужых» не дапусьцяць у дэпутаты нават дзеля дэкарацыі, — палітоляг Рудкоўскі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускі палітоляг Пётра Рудкоўскі разважае, чаму Лукашэнка так заклапочаны будучымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, лічыць, што дэмакратычным сілам варта было б у нейкай ступені ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі ў Беларусі, і адказвае на пытаньне, дзеля чаго патрэбна Каардынацыйная рада.

Сьцісла:

  • Выбарчы працэс стане пэўным выклікам для рэжыму.
  • Факт засакрэчваньня імёнаў чальцоў выбарчых камісіяў даволі красамоўны.
  • Прадстаўляць альтэрнатыву падчас удзелу ў гэтай выбарчай кампаніі было б рызыкоўна.
  • Выбарамі ў Каардынацыйную раду названа тое, што мае толькі элемэнты выбараў.
  • Стратэгічная задача дэмакратычных сілаў — самазахавацца да моманту зьмены абставінаў, калі можна будзе рэальна ўплываць на працэсы ўнутры Беларусі.


— За апошнія тыдні Лукашэнка ўжо некалькі разоў сустракаўся з рознымі чыноўнікамі, праводзіў нарады, прысьвечаныя парлямэнцкім і мясцовым выбарам. Чаму яго так відавочна непакоіць гэтая кампанія, якая ў цяперашніх умовах, здаецца, павінна прайсьці рутынна і без праблемаў для ўлады?

Пётр Рудкоўскі
Пётр Рудкоўскі

— Лукашэнка заўсёды так сябе паводзіць перад любой выбарчай кампаніяй. Незалежна ад таго, што ён там унутры адчувае, можна канстатаваць, што выбарчы працэс будзе пэўным выклікам для рэжыму.

Кампанія стане першым этапам фармаваньня новай структуры ўлады пасьля прыняцьця новай Канстытуцыі ў лютым 2022 году. Пасьля парлямэнцкіх і мясцовых выбараў у значнай ступені са складу дэпутатаў будзе сфармаваны Ўсебеларускі народны сход. Выглядае, што Лукашэнка сам і ўзначаліць гэты Сход. Так што выбары пачнуць працэс рэальнага перафарматаваньня структуры ўлады.

— Гэтым і тлумачыцца такая ўвага да складу Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў. Што важней цяпер для ўлады — асабістая ляяльнасьць дэпутатаў ці тое, каб сыстэма прадэманстравала ўзорную працу, каб не было «збояў», якія адбыліся ў 2020 годзе, калі некаторыя выбарчыя камісіі далі праўдзівыя вынікі?

— Дзеля гэтага і працягваюцца рэпрэсіі, робяцца самыя розныя перастрахоўкі. Нават сам факт засакрэчваньня імёнаў чальцоў выбарчых камісіяў даволі красамоўны. Канечне, страх паўтарэньня падзеяў 2020 году ў Лукашэнкі вельмі моцны, ён увесь час прысутнічае.

Не сумняюся, што органы ўлады будуць цалкам стэрыльнымі, экспэрымэнтатарства зьвядуць да мінімуму. Магчыма, на этапе выбарчай кампаніі будзе дазволена — у вельмі невялікай ступені — камусьці з грамадзянскай супольнасьці вылучацца. Але нікога зь іх нават дзеля дэкарацыі не дапусьцяць у дэпутаты.

— Апазыцыя, здаецца, канчаткова ня вызначылася наконт свайго стаўленьня да гэтай выбарчай кампаніі. Адны гавораць пра поўнае ігнараваньне выбараў, іншыя заяўляюць, што гэта магчымасьць прыйсьці да людзей і яе нельга абмінаць. Як вы гледзіце на гэтую дылему?

— У першую чаргу трэба думаць пра бясьпеку людзей. Перакананы, што гэта была б даволі рызыкоўная рэч — прадстаўляць альтэрнатыўныя думкі падчас удзелу ў нейкай форме ў гэтай кампаніі. Калі ж вынесьці пытаньне бясьпекі за дужкі, калі ўявіць, што ў некаторых выпадках рызыкі будуць невысокія — то я больш сэнсу бачу ў тым, каб у той ці іншай ступені ўдзельнічаць у гэтым працэсе. Узьняць нейкія важныя пытаньні, якія не зьяўляюцца часткай афіцыйнага дыскурсу.

Вядома, справа ня ў тым, што гэта прывядзе да нейкіх палітычных зьменаў. Але гэта можа падтрымліваць нейкае грамадзкае адчуваньне наяўнасьці альтэрнатывы. Хаця б узьняцьце некалькіх нязручных для рэжыму пытаньняў у публічнай прасторы дасьць больш, чым размовы пра тое, што ў гэтых дэпутатаў няма легітымнасьці. Нелегітымнасьць гэтых выбараў і так відавочная, на гэтае разуменьне заявы з-за мяжы пра байкот кампаніі асабліва не паўплываюць.

— Тым часам апазыцыя заяўляе пра неабходнасьць правесьці выбары ў Каардынацыйную раду. Пакуль дакладнага варыянту, паводле якой схемы яны будуць праходзіць, яшчэ не абралі. Ці ёсьць шанцы, на вашую думку, што ўдасца арганізаваць масавы ўдзел беларусаў у выбарах у гэтую структуру?

— Сама ідэя ўвядзеньня элемэнтаў выбараў у працэс фармаваньня новага складу Каардынацыйнай рады вельмі добрая. Але выбарамі гэта называць будзе вельмі няёмка. Не таму, што няма такога жаданьня, а проста праз рэальнасьць.

Гэта азначае, што выбарамі будзе названы працэс, якія мае толькі нейкія элемэнты выбараў. Гэта дасьць падставы дзяржаўнай прапагандзе казаць: «Вы тут крытыкуеце нашы выбары — але паглядзіце, якія ў вас саміх выбары». Таму, магчыма, лепш ад пачатку не называць гэты працэс выбарамі — узяць нейкую іншую фармулёўку.

— Якую ролю хоча выконваць Каардынацыйная рада? Ці няма тут імкненьня перацягваць на сябе нейкія паўнамоцтвы, якія на сёньня мае Офіс Сьвятланы Ціханоўскай? Ці цалкам гэта лягічна, што ўсьлед за ўмоўна «выканаўчай» структурай (Пераходны Кабінэт) павінна паўстаць і ўмоўна «заканадаўчая» (Каардынацыйная рада)? Калі казаць канкрэтна — дзеля чаго сёньня патрэбная Рада?

— На сёньня функцыя Каардынацыйнай рады выглядае даволі размытай. Ад пачатку яна стваралася ў 2020 годзе для вельмі зразумелай і важнай ролі — дыялёгу наконт мірнага транзыту ўлады, выпрацоўкі розных сцэнараў пераходу. Зразумела, што на сёньня гэта немагчыма.

Але ёсьць дзьве вельмі важныя прычыны для існаваньня такога кшталту органа. Па-першае, відавочна, гэта ня ёсьць паўнапраўны заканадаўчы орган. Тым ня менш у нейкай ступені ён можа выконваць такую функцыю — задаваць складаныя пытаньні Кабінэту, у нейкай ступені фармаваць парадак дня і гэтак далей.

Па-другое, перад намі стаіць даволі вялікая стратэгічная задача — самазахавацца да моманту зьмены абставінаў, больш спрыяльных акалічнасьцяў, калі можна будзе рэальна ўплываць на працэсы ўнутры Беларусі. Існаваньне такіх структураў дазваляе дыяспары не расьсейвацца, не зьнікаць цалкам на чужыне, а захоўваць і нацыянальную тоеснасьць, і пачуцьцё гатоўнасьці да дзеяньня.

— Ці абавязкова, каб выбары ў Каардынацыйную раду набылі дастаткова масавы характар, каб у іх узялі ўдзел тысячы, дзясяткі тысяч людзей? Ці, як кажуць некаторыя, Рада зноў можа фармавацца паводле прынцыпу прадстаўніцтва тых ці іншых актыўных структураў?

— Чым больш масавы будзе ўдзел у гэтых працэсах галасаваньня, тым лепш. Бо гэта працэс стасункаў з грамадзкасьцю, няхай нават пераважна з грамадзкасьцю дыяспары. Гэта, вядома, дадасьць больш легітымнасьці і акрэсьленасьці складу Каардынацыйнай рады.

Бо калі камунікацыя адбываецца ў паўзамкнёным коле, то яна, як мне падаецца, становіцца ўсё больш нішавай, адарванай ад рэальных праблемаў той самай дыяспары. Любыя стасункі з шырокімі коламі грамадзкасьці пойдуць толькі ў плюс. Але сытуацыя такая, што, хутчэй за ўсё, удзел людзей зь Беларусі будзе з тэхнічных прычынаў і дзеля бясьпекі мінімізаваны.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG