Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмены на рынку алькаголю: зьмяншэньне манаполіі кіраўніцтва справамі Лукашэнкі і лібэралізацыя продажу самагону


У Беларусі хочуць увесьці зьмены ў вытворчасьці і абарачэньні алькагольнай прадукцыі. Адна з магчымых навінаў — дзяржава зьбіраецца пашырыць для прыватнікаў магчымасьці ўвозу і продажу замежных сьпіртовых напояў, піша «Зеркало».

Адпаведны законапраект зьявіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Законапраектам прадугледжана, што выключнае права дзяржавы ня будзе распаўсюджвацца на імпарт алькаголю для крамаў бязмытнага гандлю, якія працуюць для замежных дыпляматаў.

Таксама прыватнікі змогуць займацца пастаўкамі алькаголю на афіцыйныя мерапрыемствы ў пасольствах і консульствах, прадстаўніцтвах міжнародных арганізацый.

Цяпер крамы бязмытнага гандлю, якія працуюць для замежных дыпляматаў, знаходзяцца пад кантролем кампаніі Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі «Дыпсэрвіс». Гэтым таксама займаюцца кампаніі «Беламаркет Хелена Валеры» і «Белмаркет Duty Free», у якіх ёсьць прыватны капітал і доля «Дыпсэрвісу». Апошнія гады таксама актыўна разьвівалася кампанія «МаркетЛіга», якую заснавалі «Белмытсэрвіс» і «Прэзыдэнцкі спартовы клюб».

Таксама прыватнікам хочуць дазволіць імпартаваць алькаголь для міжнародных выставаў і кірмашоў.

Улады таксама хочуць зьмяніць правілы, паводле якіх алькаголь можна прадаваць у культурна-этнаграфічных цэнтрах, нацыянальных парках і запаведніках. Законапраект прадугледжвае дазволіць продаж у такіх месцах алькаголю, які вырабляюць з натуральнай збожжавай і расьліннай сыравіны па традыцыйнай тэхналёгіі празь перагон праз адмысловыя апараты. У прастамоўі такія напоі называюць самагонам.

З 1994 году, за 27 гадоў, у Беларусі вытворчасьць гарэлкі вырасла на 23%. Вытворчасьць вінаграднага віна за гэты час вырасла ў 4,6 раза. Вытворчасьць піва за 27 гадоў вырасла ў 3 разы.

19 літраў на кожнага жыхара Беларусі. Столькі гарэлкі вырабілі ў Беларусі ў 2021 годзе. З прыходам да ўлады Лукашэнкі вытворчасьць алькаголю ўвесь час расьце. Паступова амаль увесь алькаголь пачала вырабляць дзяржава. Глядзім, як улада будавала сваю алькагольную імпэрыю і колькі грошай гэта прыносіць. Дасьледаваньне Свабоды, як беларуская ўлада будавала алькагольную імпэрыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG