Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У горадзенскай гімназіі на ўроку памерла шасьціклясьніца


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У пятніцу, 17 лістапада, у адной з гімназіяў Горадні на ўроку памерла шасьціклясьніца.

Дзяўчынцы стала дрэнна, ёй аказвалі мэдычную дапамогу, але ўратаваць яе не ўдалося, паведамляе партал «Зеркало» са спасылкай на чытачоў.

Як распавёў «Зеркалу» сваяк аднаго з вучняў, у гімназіі № 5 у Горадні памерла шасьціклясьніца. Дзяўчынцы было 12 гадоў. У гэтай установе адукацыі ёсьць клясы з харэаграфічным ухілам, і здарэньне адбылося на ўроку танцаў.

«Наколькі я ведаю, у дзяцей штодня ўрокі танцаў, часам яны даўжэй за дзьве гадзіны, нагрузка вялікая, але дзецям падабаецца. Ну, і ў пятніцу проста на ўроку дзяўчынцы стала кепска, яна памерла. Настаўнікаў пасьля здарэньня зьбіралі на нейкую нараду і, напэўна, сказалі, каб яны маўчалі. Таму што бацькам пра гэта нічога ў школе не казалі — ні ў навінах, ні ў чатах інфармацыі няма. Але гэта абуральна — хаця б растлумачылі прычыну, паставілі бацькоў у вядомасьць, каб хаця б яны ведалі, можа, дзесьці за здароўем дзяцей больш сачыць трэба, да лекара хадзіць часьцей, калі такія нагрузкі», — расказаў суразмоўца.

Паводле яго слоў, калі дзіцяці стала кепска, праводзіліся рэанімацыйныя дзеяньні, імаверна, прыяжджала хуткая, але ўратаваць дзяўчынку не змаглі. Неафіцыйна прычына сьмерці — праблемы з сэрцам.

У гімназіі, куды журналістка «Зеркала» патэлефанавала як маці адной з вучаніц, пацьвердзілі: шасьціклясьніца памерла падчас уроку.

«Стала кепска, страціла прытомнасьць — і ўсё, лекары не змаглі ўратаваць, аказаць дапамогу. Там у дзіцяці былі праблемы са здароўем», — патлумачылі ў адміністрацыі школы.

Афіцыйна ні мясцовыя ўлады Горадні, ні Міністэрства адукацыі пра надзвычайнае здарэньне з гібельлю дзіцяці на ўроку не паведамлялі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG